Літоўскаму паэту, перакладчыку, літаратуразнаўцу, эсэісту, дысыдэнту і праваабаронцу Томасу Вянцлаву ня трэба было тлумачыць, што адбываецца ў Курапатах. Вянцлава шмат гадоў сочыць за падзеямі, зьвязанымі з урочышчам Курапаты.
— Тое, што каля Курапатаў пабудавалі рэстаран, гэта абсалютная агіднасьць і скандал. Курапаты — гэта месца памяці пра загінулых, гэта могілкі, гэта месца, важнае ня толькі для Беларусі, але і для ўсёй Эўропы. Я цалкам салідарны зь людзьмі, якія пратэстуюць супраць самога існаваньня рэстарана на гэтым месцы, і абсалютна перакананы, што яго трэба закрыць і перанесьці на іншае месца. Калі гэта ня будзе зроблена, будзе вялікая ганьба.
На пытаньне Свабоды, ці магчыма, каб у Літве побач з месцам расстрэлаў ахвяраў камуністычных рэпрэсій быў пабудаваны рэстаран, Томас Вянцлава адзначыў, што такое ў Літве нікому б і ў галаву не прыйшло, а калі б які бізнэсовец такое прыдумаў, гэта было бы спынена на самым пачатку.
Томас Вянцлава быў у Курапатах у 2002 годзе і тады ў інтэрвію Свабодзе адзначыў наступнае: «У Вільні існуе музэй КДБ у будынку былога КДБ. Я магу толькі пажадаць, каб у Беларусі ў будынку КДБ, які, я спадзяюся, стане будынкам былога КДБ, быў створаны падобны музэй».
У 2018 вось як ён згадвае той дзень у 2002 годзе ў Курапатах.
— Я гэта запомніў на ўсё жыцьцё. Гэта я апісаў. Некалькі разоў у Літве былі мае публікацыі пра гэта.
У лютым 2017 году Томас Вянцлава падтрымаў абаронцаў Курапатаў, якія пратэставалі супраць пабудовы забаўляльнага цэнтру.
Томас Вянцлава — літоўскі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, эсэіст, дысыдэнт і праваабаронца. Адзін з заснавальнікаў Літоўскай Хэльсынкскай групы. У 1977 годзе выехаў з Савецкага Саюзу на 3 месяцы на запрашэньне Унівэрсытэту Бэрклі (Каліфорнія, ЗША). У ЗША займаўся антысавецкай дзейнасьцю, за што Указам прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР ад 14 чэрвеня 1977 году пазбаўлены савецкага грамадзянства. У эміграцыі падтрымліваў блізкія адносіны з Іосіфам Бродзкім і Чэславам Мілашам. Прафэсар славянскіх моваў і літаратураў у Ельскім унівэрсытэце (ЗША).
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.