Міліцыянта Сяргея Куляшова асудзілі за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Ён падчас затрыманьня зламаў нагу селяніну Анатолю Глыцюку.
12 чэрвеня начальнік Кобрынскага РАУС Уладзімер Сьцепанюк заступаўся за Куляшова:
«Вы судзіце не ўчастковага інспэктара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС — вы судзіце ўсю сыстэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», — сказаў кіраўнік кобрынскай міліцыі.
13 чэрвеня пракурор заявіў, што віна Сяргея Куляшова даказаная сьведкамі, экспэртызамі і сьледчым экспэрымэнтам.
Паводле пракурора, дзеяньні падсуднага выйшлі «за межы правоў і паўнамоцтваў і пацягнулі ўчыненьне шкоды правам і інтарэсам грамадзянаў, а таксама дзяржаўным інтарэсам» і былі перавышэньнем улады і службовых паўнамоцтваў, спалучаным з гвалтам у дачыненьні да пацярпелага.
У якасьці зьмякчальных абставінаў дзяржаўны абвінаваўца адзначыў выплату ўчыненай шкоды і наяўнасьць малалетніх дзяцей.
Судзьдзя Пётар Цімашэнка абвясьціў вырак, які цалкам супаў з прапановай пракурора: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасьля гэтага Сяргея Куляшова адразу ўзялі пад варту.
За працэсам назіралі дзясяткі міліцыянтаў у форме, якія амаль цалкам запоўнілі залю. На абвяшчэньне прысуду, аднак, большасьць іх не прыйшла.
Гісторыя канфлікту ў дзьвюх хвілінах