11 чэрвеня падчас паседжаньня групы ў справе стварэньня памятнага знаку ў Курапатах, створанай Міністэрствам культуры Беларусі, былі паказаныя тры праекты, адабраныя па выніках дзяржаўнага конкурсу.
Незалежныя скульптары і архітэктары скрытыкавалі адабраныя эскізы, заявілі пра іх слабую мастацкую і ідэйную вартасьць.
На іх перакананьне, у рамках першага этапу грамадзкага конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял», які ладзіць ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» разам з шэрагам грамадзкіх і творчых арганізацыяў, экспанаваліся цікавейшыя працы. Адна зь іх — скульптара Гэніка Лойкі.
«Для помніка ахвярам сталінізму я калісьці хацеў скарыстаць скульптуру „Плашчаніца“ — пакласьці Хрыста на самым пачатку алеі, што вядзе на Галгофу, — сказаў Лойка Свабодзе. — Але Хрыстос — вельмі шырокі вобраз. Не беларускі толькі, і тым больш не курапацкі. І вырашыў паказаць трагедыю нашай нацыі не праз сцэны забойства, а празь іншы вобраз.
Бусел — сымбаль Беларусі з даўніх часоў, згадаем хоць бы „Зямлю пад белымі крыламі“ Караткевіча. Я прапаную чорныя бусловыя крылы з бронзы, расьпятыя на сталёвых лёзах, распасьцёртыя па-над зямлёй. Каб на адно імгненьне прачытваліся чорна-белыя крылы, калі праяжджаеш па высокай шашы».
Паводле скульптара, нейкі час пайшоў на асэнсаваньне сымбалічнасьці крылаў. Канчатковае разуменьне сфармавалася падчас цяперашняга супрацьстаяньня актывістаў з гаспадарамі рэстарана «Поедем поедим». Калі ва Ўладзімера Караткевіча былі белыя буславы крылы, то Лойка прапануе скульптурным сродкам — цёмнай бронзай — у помніку зрабіць толькі чорную частку крылаў. А замест белай будзе заставацца натуральны прасьвет. Гледзячы зьверху, з дарогі, сьветлы сэгмэнт забясьпечыць сама зямля — жоўты пясочак.
Па выніках першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял» праект Гэніка Лойкі быў сярод адзначаных. Конкурс працягваецца, ягоныя канчатковыя вынікі будуць падведзеныя ў лістападзе. Арганізатары конкурсу разьлічваюць, што найбольш вартыя ідэі ўдасца ўвасобіць у працяг народнай мэмарыялізацыі ўрочышча.
Як выглядаюць памятныя знакі, якія выйшлі ў фінал дзяржаўнага конкурсу мэмарыялізацыі ў Курапатах
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.