Старшыня Нацыянальнага цэнтру контравыведкі і бясьпекі ЗША Ўільям Эваніна параіў амэрыканцам, якія едуць на футбол у Расею, ня браць з сабой электроніку, якую могуць узламаць расейскія хакеры ці ўлады, піша Reuters.
Найбольшыя рызыкі быць узламанымі, сьцьвярджае контравыведнік, у амэрыканскіх службовых асобаў і ўрадавых чыноўнікаў (футбольная зборная ЗША не прайшла кваліфікацыйны этап і ня ўдзельнічае ў чэмпіянаце), але цэлямі хакераў могуць стаць і шараговыя грамадзяне, іхныя пэрсанальныя зьвесткі. Таму амэрыканцам рэкамэндавана браць з сабой гаджэты, якімі яны раней не карысталіся, і даставаць зь іх батарэі, калі электроніка не ўжываецца.
Другі амэрыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што брытанскія спэцслужбы таксама выпусьцілі падобныя папярэджаньні для падданых Злучанага Каралеўства і футбольнай каманды Ангельшчыны, якая ўдзельнічае ў чэмпіянаце сьвету ў Расеі.
Амэрыканскія выведныя службы публікавалі падобныя папярэджаньні і перад іншымі буйнымі міжнароднымі спартовымі спаборніцтвамі, у тым ліку нядаўнімі Алімпійскімі гульнямі ў Паўднёвай Карэі, нагадвае Reuters.