12 чэрвеня пасьля акцыі абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» міліцыянты затрымалі рэжысэра Аляксея Туровіча.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец.
Аляксея Туровіча затрымалі пасьля завяршэньня акцыі на вуліцы Карбышава, зацягнулі ў міліцэйскую машыну і павезьлі ў пастарунак. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі прычыну затрыманьня.
Пазьней Павал Севярынец паведаміў у фэйсбуку, што Аляксей Туровіч знаходзіцца ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі, «разьбіральніцтва па адміністрацыйнай справе».
Аляксей Туровіч — аўтар фільму «Жоўты пясочак», адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў.
Затрыманьні актывістаў
31 траўня затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык падчас пікету супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». 7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў на дзьве гадзіны затрымалі Паўла Севярынца і Вольгу Мікалайчык. 8 чэрвеня затрымалі Дзяніса Ўрбановіча і Вольгу Мікалайчык.
Абаронцы Курапатаў патрабуюць ва ўладаў ануляваць рашэньні пра дазвол на будаўніцтва рэстарацыі
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты