12 чэрвеня грамадзкія актывісты працягнулі пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», што за 50 мэтраў ад Курапатаў. Пратэсты вядуцца з 31 траўня.
Абаронцы Курапатаў дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, якая адкрылася меркавана ўвечары 4 чэрвеня. Пікетоўцы не прапускаюць на тэрыторыю комплексу аўтамабілі, вядуць тлумачальную працу з наведнікамі, якія прыяжджаюць або прыходзяць у рэстарацыю.
«Але паток машын значна зьменшыўся, мы ім сапсавалі працу», — сказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які ўдзельнічае ў пікетаваньні зь першага дня.
Аўторак — дзень руху салідарнасьці «Разам»
Паводле графіку, пра які днямі дамовіліся прадстаўнікі розных партый і грамадзкіх рухаў, сёньня асноўны час дзяжурства каля рэстарацыі «закрываюць» прадстаўнікі руху салідарнасьці «Разам». Але і акрамя сябраў гэтай ініцыятывы, на пікет прыйшло шмат актывістаў зь іншых арганізацый ды проста неабыякавых людзей.
Ігар Лялькоў з партыі БНФ, Уладзімер Раманоўскі з АГП, Уладзімер Юхо і Алесь Чахольскі з КХП БНФ, паэт Славамір Адамовіч ды іншыя ўзялі ўдзел у нарадзе, якая адбылася на пачатку пікетаваньня. Усяго на пікет а 12 гадзіне сабралася каля 15 чалавек, і пікетоўцы заклікалі людзей прыходзіць увечары. «Бо бывае, што пасьля 18-й гадзіны застаецца 2–3 чалавекі, а гэтага мала, каб праводзіць эфэктыўнае пікетаваньне».
Ці наведаюць Курапаты міжнародныя дэлегацыі, якія прыедуць на адкрыцьцё Трасьцянца?
Павал Севярынец апавёў пра намаганьні запрасіць у Курапаты прадстаўнікоў кіраўніцтва Ізраілю, Польшчы, Аўстрыі і Нямеччыны, якія прыедуць у Менск на адкрыцьцё мэмарыялу на месцы канцлягеру Трасьцянец пад Менскам. Гэта меркавана адбудзецца 29 чэрвеня.
«Грошы на мэмарыял давала Нямеччына, а там у кіраўніцтве краіны партыі — партнэры БХД. І мы паспрабуем спытаць празь іх, ці наведаюць дэлегацыі Курапаты, а ня толькі Трасьцянец, прапанаваць такі візыт сюды. Вельмі важна, каб пра гэтую праблему з рэстарацыяй каля Курапатаў ведалі ў Эўропе», — мяркуе Павал Севярынец.
Спачатку пакаяньне, потым дараваньне і прымірэньне
Сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі адгукнуўся на артыкул у «Советской Белорусии», у якім ішла гаворка пра паседжаньне працоўнай групы па мэмарыяле ў Курапатах.
Ён абурыўся, што ня быў туды запрошаны своечасова, і пракамэнтаваў вынікі паседжаньня:
«Народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны, а тыя тры эскізы помніка, якія яны прапануюць, не прайшлі экспэртызы прадстаўнікоў грамадзтва, у тым ліку Саюзу мастакоў. Яны кажуць пра помнік-прымірэньне, але спачатку трэба правесьці расьсьледаваньне злачынстваў», — мяркуе Алесь Чахольскі.
Зь ім пагадзіўся народжаны ў ГУЛАГУ актывіст Уладзімер Раманоўскі:
«Гэта непрымальна, калі ігнаруюць думку грамадзкасьці. А тое, што цяпер адбываецца побач з Курапатамі, — гэта калясальны прыклад разбурэньня маралі», — лічыць спадар Раманоўскі.
Павал Севярынец заклікаў падрыхтаваць заяву ў сувязі з сытуацыяй вакол падрыхтоўкі помніка ў Курапатах і прапанаваць падпісаць яе вядомым асобам.
Актывісты пагадзіліся і з такой прапановай: любым дзеяньням па мэмарыялізацыі Курапатаў з боку дзяржавы павінна папярэднічаць адкрыцьцё архіваў, высьвятленьне імёнаў ахвяр рэпрэсій і сьледзтва. «Спачатку сьледзтва і магчымае пакаяньне, і толькі потым дараваньне».
«Іх аштрафавалі». Генпракуратура патлумачыла, чаму рэстаран пад Курапатамі ня зьнесьлі ў 2012 годзе
Пратэстоўцы адправілі зварот у пракуратуру
У другой палове дня дэлегацыя актывістаў разьвезла па дзяржаўных установах адмысловую заяву ў сувязі з працай каля Курапат рэстарацыі «Поедем поедим».
«Мы патрабуем ануляваць усе рашэньні, зьвязаныя з дазволам на будаўніцтва ў ахоўных зонах мэмарыялу Курапаты, і абавязаць Міністэрства культуры вярнуцца да «Праекту зон аховы помніка гісторыі „Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій „Курапаты““, распрацаванага Кукуняй О.Р., Т.Ф.Косьціч і ўхваленага на навуковай радзе Мінкультуры (пратакол № 85) 20.05.2003 году, як адзінага законнага дакумэнту. Будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Поедем поедим“ (былая назва „Бульбаш-хол“) прызнаць незаконным».
«Зварот мы адвезьлі ў Генпракуратуру Беларусі, Камітэт дзяржкантролю і Менскі аблвыканкам», — сказала Свабодзе грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька.
Па 19-й гадзіне дарогай з Курапатаў быў затрыманы ўдзельнік пратэсту кінарэжысэр Аляксей Туровіч.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты