Як мы выстаялі чаргу па хэрсонскія памідоры

Ілюстрацыйнае фота

Нас было чацьвёра, а іх — кілямэтровая чарга. Рэальна супрацьстаяць мы маглі ўдваіх — бо яшчэ двое з нашай кампаніі наўрад ці дапамаглі б нам з прычыны малалетняга ўзросту, адпаведна — адсутнасьці фізычнага гарту і неабходных для ідэалягічных боек гістарычных ведаў, якія ў вуснах апанэнтаў ператвараюцца ў гістэрычныя. Адзінае, каб пачаўся сапраўдны бой, малыя (11 месяцаў адной, пяць гадоў другой, адна ў вазку, другая на самакаце) маглі б дапамагчы нам маральна — лямантам і плачам.

На кірмашы сустрэла прыяцеля з малымі дзецьмі. Пацягнуліся мы разам па памідоры. Саша нарадзіўся недзе на Данбасе. Распавядаў дарогай па хэрсонскія памідоры, што з дзяцінства іх там запалохвалі «бандэраўцамі», якія некалі прыйдуць і ўсіх пазабіваюць. «Нас страшылі так яшчэ ў дзевяностых. Маўляў, калі раптам трапіш у Львоўскую ці Івана-Франкоўскую вобласьць, падыдзе да цябе страшны „бандэравец“, працягне рубель і спытаецца: „Што гэта?“. Ты скажаш: „Рубель“. А ён табе ў адказ: „Няправільна, карбованець!“, і тут жа спрытным рухам — шыла ў бок!», — распавядаў Саша «страшным» голасам, і мы сьмяяліся — псыхатэрапія дзіцячых траўмаў. Цяпер Саша сам зрабіўся «бандэраўцам» — таксама нічога такая псыхатэрапія. Адужаў дзіцячыя жахі.

Тут жа, на кірмашы, лёс падкінуў нам выпрабаваньне, нібыта хацеў спраўдзіць, сапраўдныя мы «бандэраўцы» ці так, дзеля моды ці трэнду «топім за Ўкраіну».

Перада мною ў чарзе стаяла кабета, 52 гады (сама потым прызналася). Яна прагна разглядала ружовыя памідоры і тужліва прамовіла: «Ах, як бы я хацела жыць у Хэрсоне!». «Ну вы можаце паехаць туды жыць», — ціха прапанавала я. «Ня зараз жа, калі там гэтая „Ўкраіна“! Я раней там была, там такі гарачы пясочак, ідзеш босымі нагамі — так прыемна, ня тое, што тут... Долбаная, грёбаная Белоруссия!», — з надрывам скрыгатала зубамі яна. «Але чаму вы так кажаце пра нашу краіну? Калі вам не падабаецца тут, калі вам там блага — можа, лепш і праўда зьехаць?», — ціха прапанавала я. «Мне тут блага, так, мне тут блага! Бо тут камары, мошкі, тут клімат не падыходзіць для мяне! Я руская! — залямантавала кабета. — Чыстакроўная руская! Разумееце?! Але я нарадзілася тут і нікуды не паеду!». Яна крычала на мяне так, нібыта я стаяла над яе душой з чамаданам і квітком і дырэктыўна паказвала напрамак — праспэктам Перамогі да вакзалу. «Вы не разумееце мяне! Я хацела б, каб быў Савецкі Саюз! Каб не было гэтага ўсяго! А вы што — вы супраць Савецкага Саюзу?», — кабета працінала мяне позіркам, як рэнтгенам ці, яшчэ горш, МРТ.

Непрыемна. З памідорамі яна абыходзілася больш ляяльна — ласкава гладзіла кожны зь іх па ружовых баках, укладвала ў пакет, нібыта ў ложак зь пярынай. Каб толькі не пабіліся, не памяліся, не папсаваліся.

«Я не хачу Савецкі Саюз, не хачу ГУЛАГ, не хачу, каб мяне расстралялі, а мяне напэўна б расстралялі ці згнаілі, як тых трыццаць мільёнаў, як тых сотні тысяч у Курапатах», — адрэагавала я. Гэтыя словы пачулі людзі з чаргі і пачалі хвалявацца. «Ой, разумная знайшлася! Прамылі мазгі! Дзе ты такога начыталася?!», — панеслася з розных бакоў. Нейкая незнаёмая пэнсіянэрка даверліва ўзяла мяне за плячо, ласкава зазірнула ў вочы і сказала, паблажліва, так, як псыхіятар гаворыць з пацыентам: «Дзетачка, ты ж нічога ня ведаеш! Каўбаса тады каштавала рубель дваццаць! Разумееш? Рубель дваццаць!».

Я бездапаможна азіралася — дзе мой прыяцель Саша? Яны мяне зараз зьядуць! Ён стаяў за мной, але адышоў з малымі ў цянёк. Пачуўшы шум, вярнуўся. «А чаму вы тады, у 90-я, не змагаліся за СССР, калі так яго любіце? Трэба было які акт самаспаленьня зрабіць на плошчы ў знак пратэсту супраць развалу СССР», — прапанаваў ён жанчыне з памідорамі. «Таму што нас падманулі! Таму што мы прадаліся за жвачкі і джынсы!», — закрычала яна з надрыўнай сьлязой у голасе.

Саша спрабаваў стаць за мной, як і стаяў дагэтуль, але пэнсіянэрка ззаду (тая, што казала пра каўбасу), усчала вэрхал: «Гэй, куды? Вас тут не стаяла!». Прыяцель даводзіў, што стаяў, толькі на хвілін колькі адышоў з дзецьмі ў цень. Пэнсіянэрка пачала крычаць, што мала хто куды адыходзіў, што яна ня бачыла, што не прапусьціць яго, бо калі ён стаяў, то ня мусіў нікуды адыходзіць, бо месца ў чарзе — сьвятое месца, я так разумею.

«Усё. Вы мяне пераканалі! За Савецкі Саюз! Праўда! Давайце яго адраджаць! Прапаную пачаць зараз, з малога, паступовымі крокамі! Пачнем з нашай чаргі! Адродзім спачатку традыцыі — а потым і СССР вернецца! Зараз будзем сварыцца за месца з чарзе, потым абражаць адно аднаго, пажадана з матамі і праклёнамі, а потым я ўчаплюся вам у валасы, а вы пачынайце ўжо цяпер кідаць мне ў твар памідорамі — згодныя?!», — яхідна прапанавала я пэнсіянэрцы. Пачула ўся чарга. Зацята маўчалі. Не хацелі атрымаць памідорам у твар. Яны хацелі проста есьці, разумееце?

...Дома я вывучала карцінкі па анатоміі. Сэрца, страўнік, пячонка, кішкі... Карцінкі палохалі — зашмат месца ўнутры аддадзена перапрацоўцы ежы — страўнік, падстраўнікавая залоза, кішкі, мэтры кішак... Але сэрца разьмешчана вышэй гэтага ўсяго! А кіляграм ці два шэрага рэчыва з аб’ёмам 1250-1600 кубічных сантымэтраў — яшчэ вышэй. Аддаваць першае месца страўніку — ісьці супраць прыроды, супраць глузду, супраць сэрца.

Я пераглядала здымкі з абароны Курапатаў. Здымкі палохалі. Страўнікі прарываліся ўгору, мінаючы сэрца, мінаючы мозг, лямантавалі: «Мы хочам есьці, мы маем права!». Вусьціш...

«Мы яшчэ ня вырашылі пытаньне з існаваньнем Бога, а вы ўжо хочаце есьці!»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.