У журы конкурсу эскізных праектаў мэмарыялу ў Курапатах — ніводнага прадстаўніка грамадзкасьці

Працоўная група абрала тры лепшыя эскізныя праекты памятнага знаку з 32-х, што паступілі на конкурс. Пра гэта заявіў 11 чэрвеня на круглым стале рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. Раней Павал Якубовіч казаў, што на конкурс паступіла 60 праектаў.

Улады вызначылі пераможцаў конкурсу эскізных праектаў мэмарыялу ў Курапатах

У грамадзкую працоўную групу па мэмарыялізацыі Курапатаў, створаную ў лютым 2017 году пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнага рэдактара газэты «СБ — Беларусь сегодня» Паўла Якубовіча, увайшлі, апроч шматлікіх прадстаўнікоў намэнклятуры, два грамадзкія актывісты — Ганна Шапуцька і Алесь Чахольскі, а таксама гісторык, дасьледчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў.

Працоўная група не зьбіралася з красавіка 2017 году

На чарговае паседжаньне 11 чэрвеня, якое адбылося ўпершыню пасьля красавіцкай сустрэчы 2017 году, Ганна Шапуцька і Алесь Чахольскі ісьці адмовіліся (Шапуцька — з асабістых сямейных прычын, Чахольскі палічыў, што яго запрасілі позна — за 3 дні). На сустрэчы быў толькі гісторык Ігар Кузьняцоў. Вёў паседжаньне нядаўна прызначаны новы галоўны рэдактар «СБ — Беларусь сегодня» Дзьмітры Жук. Паўла Якубовіча на сустрэчы не было, кажа спадар Кузьняцоў.

Ігар Кузьняцоў

«Я па наіўнасьці думаў, што адной з тэмаў будзе чарговае процістаяньне ў Курапатах. Аднак гэта наагул не ўваходзіла ў пляны намэнклятуры. Хоць я гэтую тэму ўзьняў — прывёў усе прыклады процістаяньня ў лютым 2017 году, сёньняшнія падзеі з адкрыцьцём рэстарацыі, пытаньні звужэньня ахоўнай зоны. Але мяне абарвалі — маўляў, гэта не зьяўляецца тэмай сёньняшняга абмеркаваньня.

Па сутнасьці, запрашэньне было на абвяшчэньне вынікаў конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў. Нам паведамілі, што было прадстаўлена 32 праекты ад 26 удзельнікаў. Нашай увазе было прапанавана 3 варыянты мэмарыяльнага знаку (пра помнік ужо гаворка не ідзе, а менавіта пра мэмарыяльны знак).

Месца разьмяшчэньня — там, дзе цяпер закладны камень (уверсе, на Курапацкай Галгофе). Знакі даволі стылізаваныя. Адзін, як мне падалося, нават больш-менш упісваецца, з крыжамі спалучаецца. І ўваходная брама ў самым пачатку сьцежкі, паблізу ад Крыжа пакутаў. Карацей, нас паставілі перад фактам. Прычым абвясьцілі, што ўсё праходзіла галосна, адкрыта. Я запярэчыў: „Няўжо? Я ж уваходзіў у склад працоўнай групы пад старшынствам Якубовіча, якая засядала апошні раз у красавіку 2017 году“».

На пытаньні Ігара Кузьняцова, чаму працоўная група не зьбіралася больш за год, хто разглядаў праекты, дасланыя на конкурс, Дзьмітры Жук сказаў, што ён не нясе адказнасьці за тое, што было да яго.

Ігар Кузьняцоў засяроджвае ўвагу на храналёгіі падзей. У лютым 2017 году, падчас процістаяньня актывістаў і будаўнікоў бізнэс-цэнтру, адбыўся круглы стол, пасьля якога Павал Якубовіч стварае працоўную групу пад эгідай газэты «СБ — Беларусь сегодня», куды ўвайшлі з прадстаўнікоў грамадзкасьці Ганна Шапуцька, Алесь Чахольскі, Ігар Кузьняцоў, а таксама старшыня ФПБ Міхаіл Орда, былы дырэктар Нацыянальнага архіву Ўладзімер Адамушка і іншыя.

Група выяжджала ў Курапаты, але апошняе яе паседжаньне было ў красавіку 2017 году. Адразу ж абвясьцілі конкурс, тэрмін заканчэньня якога быў 1 траўня 2017 году. Вядома, укласьціся ў такія сьціслыя тэрміны было нерэальна, і конкурс працягнулі.

Дык колькі праектаў пададзена на конкурс: 32 ці 60?

Потым Павал Якубовіч пэрыядычна даваў інтэрвію. У адным сказаў, што на конкурс пададзена 26 праектаў. 6 кастрычніка 2017 году ён назваў Свабодзе лічбу 60 — менавіта столькі праектаў, паводле яго, паступіла на конкурс.

Чаму гучаць такія розныя лічбы? На гэтым акцэнтуе ўвагу гісторык Ігар Кузьняцоў.

«Цяпер жа заяўлена, што праектаў было 32, у фінал абралі 3. І быў абвешчаны склад журы, які канчаткова вызначыцца зь пераможцам. Старшынём журы прызначаны рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, галоўны архітэктар „Менскграда“ Аляксандар Акенцьеў, Ганна Аксёнава зь „Менскпраекту“, Галіна Палянская з БНТУ, дырэктар Інстытуту гісторыі Вячаслаў Даніловіч, член-карэспандэнт НАН Аляксандар Каваленя. Я задаў пытаньне: а дзе ж прадстаўнікі грамадзкасьці?

Я ня стаўлю пад сумнеў кампэтэнтнасьць ніводнага з абвешчаных сябраў журы, але калі гэта агульнанацыянальны праект, неяк дзіўна, што грамадзкасьць ня мела магчымасьці ўдзельнічаць нават у абмеркаваньні прадстаўленых на конкурс эскізаў».

Ігар Кузьняцоў кажа, што ня бачыў ніводнага ні з 60, ні з 32 праектаў, хоць зьяўляецца сябрам працоўнай групы.

«Фактычна нас паставілі перад фактам, што 1 ліпеня будзе абвешчаны пераможца конкурсу. Адзіны плюс — мяне запэўнілі, што ніводзін памятны знак, ніводзін крыж ня будзе крануты», — кажа спадар Кузьняцоў.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты