Журы абрала тры эскізныя праекты памятнага знаку (мэмарыялу) у Курапатах. Пра гэта сёньня паведаміў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, піша БелТА.
Паводле дзяржаўнага інфармагенцтва, сёньня ў Менску адбыўся круглы стол, прысьвечаны Курапатам. На ім абмеркавалі абраныя журы эскізныя праекты памятнага знака.
Паведамляецца, што ў конкурсе ўдзельнічалі 32 праекты, хоць раней фігуравала лічба 60.
Баразна дадаў, што варыянты маюць патрэбу ў дапрацоўцы, у прыватнасьці, з улікам архітэктурнай прывязкі, пэрспэктыў добраўпарадкаваньня і гэтак далей. Паводле яго, трэба будзе таксама вызначыць дакладнае месца разьмяшчэньня памятнага знаку, каб ён «арганічна ўпісваўся ў існуючы народны мэмарыял і ніякім чынам не парушаў яго цэласнасьці і ляндшафту».
Дапрацаваныя эскізы маюць быць прадстаўленыя журы да 1 ліпеня.
Выявы адабраных праектаў не публікуюцца.
Колькі сабрана на мэмарыял
Разам з тым, як паведаміла БелТА начальніца ўпраўленьня мастацтваў Міністэрства культуры Ірына Рахвалава, на мэмарыял у Курапатах сабрана 11 786 рублёў. Паводле яе, «усенародны збор сродкаў на добраўпарадкаваньне мэмарыялу і ўзьвядзеньне памятнага знаку», які пачаўся ў 2017 годзе, працягваецца.
Заказчыкам стане ФПБ
Паводле БелТА, заказчыкам будаўніцтва мэмарыялу плянуе стаць Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Як паведаміў старшыня ФПБ Міхаіл Орда, у бліжэйшы час яны зьвернуцца за атрыманьнем правоў заказчыка на будаўніцтва мэмарыялу.
Пасьля таго як у лютым 2017 году паўстаў кругласутачны лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Яго матэрыялы паказалі па БТ.
Празь некаторы час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. 24 сакавіка 2017 году Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізаў памятнага знаку «Курапаты».
Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч заявіў, што да мэмарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. У сваю чаргу, палітык, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.
У сьнежні 2017 году старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў Свабодзе, што ўсе вызначаныя тэрміны для падвядзеньня вынікаў конкурсу ўжо даўно прайшлі, вынікаў няма. Павал Якубовіч сказаў, што прычын у затрымкі некалькі. Адна зь іх — «неабходнасьць вызначыць гістарычныя межы мэмарыялу, каб не было непаразуменьняў накшталт усялякіх будаўніцтваў побач з Курапатамі».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад народнага мэмарыялу ў Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня 2018 году.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.