У цэнтры Магілёва на пешаходнай Ленінскай вуліцы ўпершыню за два дзясяткі гадоў пабурылі стары будынак. Двухпавярховы дом узьвялі ў 1952 годзе. Вулічны фасад быў выштукаваны ляпнінай з савецкай атрыбутыкай.
Адзін з будаўнікоў кажа, што будынак увесь у скразных трэшчынах і мог разваліцца.
Знос выклікаў цікавасьць мінакоў, але за пылам мала было відаць.
Дом № 59 ня меў ахоўнага статусу, але месьціўся на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Гістарычны цэнтар гораду Магілёва». Краязнаўца Леанід Платоненка лічыць, што дому можна было знайсьці ўжытак, прыстасаваць да патрэбаў гораду.
«Тое ж, што яго пабурылі, — гэта дужа кепска. Дагэтуль бурылі старыя дамы на пэрыфэрыі гістарычнага цэнтру гораду, але самога цэнтру не чапалі».
Сёлета на месцы зьнесенага дома зьбіраюцца паставіць вулічныя спартовыя трэнажоры.
Магілёў рыхтуюць да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе пры канцы верасьня. На яго Лукашэнка запрасіў кіраўніка расейскай дзяржавы Ўладзіміра Пуціна.
Жыхары зьнесенага дома абвяшчалі галадоўку
59-ы дом на Ленінскай прызналі аварыйным у 2014 годзе. Жыхароў праз суд перасялілі ў пакоі інтэрнату будаўнічага трэсту № 12. Аднак людзі разьлічвалі на кватэры, і пяцёра жыльцоў пасьля бясплённай перапіскі з чыноўнікамі абвясьцілі галадоўку. Доўжылася яна з 18 да 22 траўня 2015 году. У выніку галадоўнікі засталіся ў інтэрнатах, але зь імі заключылі бестэрміновыя дамовы на выкарыстаньне жытла.