Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» журналіст Марат Гаравы апублікаваў зварот да габрэяў і беларусаў, якія мелі дачыненьне да будаўніцтва рэстарану «Поедем поедим».
На думку Марата Гаравога сытуацыя можа павялічыць антысэміцкія настроі ў Беларусі. Радыё Свабода зьвязалася з грамадзкім актывістам.
— На які водгук вы спадзеяцеся і ад каго, пішучы і публікуючы свой зварот?
— Скажу шчыра. На вялікі водгук не спадзяюся. Проста напісаў як выдыхнуў. Мне трэба было гэта сказаць.
У гэтай сытуацыі, якая склалася — калі нейкія габрэі і нейкія беларусы такое зрабілі — мне трэба было выказацца. Бо я адчуў, што сытуацыя можа падліць алею ў агонь, і людзі недалёкія могуць з гэтага скарыстацца. Яны могуць узьняць у Беларусі новую хвалю антысэмітызму.
І вось я адчуў, што трэба зрабіць зварот, каб акрэсьліць, што насамрэч адбываецца, з майго пункту гледжаньня.
— А вы ня думалі, што, магчыма, трэба было зрабіць калектыўны зварот, каб яго падпісалі, апрача вас, і іншыя беларусы габрэйскага паходжаньня?
— Думаў. Але вырашыў напісаць сам. У мяне ня тое знаёмства і адносіны з тымі габрэямі, чые подпісы хацелася б бачыць пад такім зваротам.
Зварот Марата Гаравога
«Шаноўнае спадарства!
Да вас зьвяртаецца журналіст, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы. Я, як і мае продкі — рабіны Мадорскія і прадпрымальнікі Левіны, рамесьнікі Гаравыя і Гутманы, якія стагодзьдзямі жылі ў Беларусі, зрадніўся з нашым шматпакутным краем і ягонымі мужнымі людзьмі.
Самі перажыўшы зьдзекі, прыгнёт і зьнявагу, яны заўжды былі на баку гнаных, уціснутых і зьняважаных. Менавіта на беларускай зямлі нарадзіўся і мой любы дзядзька Ізраіль Мадорскі, які з 15-гадовага ўзросту зьведаў ГУЛАГ, а пасьля высылкі з СССР у Сьвятой Зямлі засноўваў кібуц Афікім, разам з іншымі піянэрамі-халуцым ствараў і бараніў Дзяржаву Ізраіль.
Ганаруся супляменьнікамі, якія тысячагодзьдзямі захоўвалі сваю мову і запаветы продкаў, каб адрадзіць вольную, незалежную і дэмакратычную Дзяржаву Ізраіль. Зь вялікай павагаю стаўлюся да тых беларусаў, хто прысьвяціў сябе справе нацыянальнага адраджэньня дзеля вольнай, незалежнай і дэмакратычнай будучыні Беларусі, хто адраджае сапраўдную гісторыю Бацькаўшчыны.
Вось чаму мне — беларусу габрэйскага паходжаньня — вельмі сорамна за тых габрэяў і беларусаў, хто спрычыніўся спачатку да самавольнага і незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў «Бульбаш-холу», а затым да ягонага адкрыцьця пад назвай «Поедем поедим».
Прычым такі крок непавагі да памяці бязьвінна палеглых у Курапатах беларусаў і габрэяў, сярод якіх дакладна вядомыя імёны Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх, Моўшы Крамера і Мардыхая Шулькеса, безумоўна прывядзе да пакутаў калі не саміх удзельнікаў гэтай бессаромнай зьдзелкі, дых іхных нашчадкаў. Апроч таго, гэтая праява дэградацыі асобы аніяк не спрыяе ўмацаваньню беларуска-габрэйскіх стасункаў, бо распальвае антысэміцкія настроі сярод пэўнай часткі насельніцтва.
Я ўпэўнены, што толькі пакаяньне — добраахвотнае прызнаньне ў зробленых правінах, вяртаньне да спрадвечных этычных нормаў і адмова ад сумнеўнага бізнэсу каля Нацыянальнага нэкропалю ў Курапатах, а яшчэ лепш перадача грамадзкасьці будынкаў зь зямлёю пад патрэбы Народнага мэмарыялу, можа выратаваць сумленьне і рэпутацыю тых беларусаў і габрэяў, хто спрычыніўся да ганебнага ўзьвядзеньня «Бульбаш-холу» і адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим».