Рэзкі рост хабарніцтва ў Беларусі тлумачыцца маральнай дэградацыяй чынавенства.
У доўгатэрміновы антыкарупцыйны сэрыял дадаюцца ўсё новыя эпізоды. Пасьля затрыманьня памочніка прэзыдэнта Сяргея Раўнейкі, які спрабаваў атрымаць хабар у 200 тысяч даляраў, Аляксандар Лукашэнка праанансаваў новыя гучныя карупцыйныя справы. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык пацьвердзіў, што затрымана некалькі службовых асоб высокага ўзроўню, адна зь якіх брала хабар у 140 тысяч даляраў. Дырэктара калёніі ў Івацэвічах абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў памеры 207 тысяч эўра. На пачатку траўня быў адпраўлены ў адстаўку міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык з фармулёўкай «за садзейнічаньне незаконнаму сямейнаму бізнэсу».
Згодна з паведамленьнем прэс-службы Генпракуратуры, колькасьць выяўленых карупцыйных злачынстваў у 2018 годзе павялічылася. «За 3 месяцы гэтага году ў Беларусі адбылося амаль 700 карупцыйных злачынстваў. Гэта ў два разы больш, чым за такі ж пэрыяд 2017 году». Колькасьць выпадкаў хабару ўзрасла больш чым удвая.
Ствараецца ўражаньне, што ў высокіх чыноўнікаў сарвала тармазы і яны паводзяць сябе як у «апошні дзень Пампэі».
На першы погляд, пытаньне «чаму яны крадуць, бяруць хабар?» трохі недарэчнае. У тым сэнсе, што адказ на яго відавочны. Прырода чалавека не мяняецца стагодзьдзямі і нават тысячагодзьдзямі. І тым ня менш.
Даўно даказана, што ў Беларусі створаныя вельмі спрыяльныя ўмовы для карупцыі, бо чыноўнікі атрымалі вялікую ўладу, яны кантралююць усе сфэры жыцьця ў краіне. Аднак такая сытуацыя існавала і 10, і 20 гадоў таму, але маштабы хабарніцтва былі яўна меншыя.
Выкажу гіпотэзу, што адной з прычын росту карупцыі стала маральная дэградацыя чынавенства.
Адна справа — служыць краіне, і зусім іншая — служыць гаспадару
Варта адзначыць, што ў савецкія часы беларуская намэнклятура лічылася ледзь ня самай сумленнай у СССР. У тым сэнсе, што яна шчыра верыла ў афіцыйную ідэалёгію і спрабавала добрасумленна рэалізаваць яе пастуляты ў рэспубліцы. Тут не было такой карупцыі, як у Сярэдняй Азіі, Закаўказьзі, Маскве ці Краснадары. Прыяжджаючы сюды, многія са зьдзіўленьнем адзначалі: «У вас тут сапраўды існуе „савецкая ўлада“». У пэўным сэнсе ў сьвядомасьці партыйнай, дзяржаўнай, гаспадарчай намэнклятуры прысутнічала місія служэньня ці то народу, ці то партыі, ці то нейкай вялікай ідэі.
На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць той факт, што беларуская кіроўная эліта на пачатку 1990-х гадоў так і не рашылася хутка правесьці намэнклятурную прыватызацыю, хоць мела такую магчымасьць, бо ў яе была ўся ўлада. Хоць Аляксандар Лукашэнка любіў разважаць пра тагачасную ўсеагульную, усёабдымную карупцыю, мафію, але насамрэч асноўныя эканамічныя рэсурсы захаваліся ў руках дзяржавы.
Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі створаная ім сацыяльная мадэль напачатку дэманстравала пэўны посьпех. Што дало падставу кіраўніку казаць пра перавагу беларускага эканамічнага і палітычнага ладу. Маўляў, мы не разрабавалі народнае багацьце, як ва Ўкраіне ці Расеі, Беларусь — эканамічны тыгр Усходняй Эўропы, мы ўпершыню ў сьвеце будуем «дзяржаву для народа» і іншае. І гэта адпаведным чынам уплывала на псыхалёгію чыноўнікаў. Місія служэньня часткова вярнулася ў намэнклятурнае асяродзьдзе.
Але калі беларуская сацыяльная мадэль уступіла ў стадыю крызісу, то ўсё паступова пачало мяняцца. Прычым маштаб праблемаў чыноўнікам відаць лепш, чым звычайнаму абывацелю. Дэградацыі лукашэнкаўскай сыстэмы спадарожнічае маральная дэградацыя кіроўнай эліты. Калі ўсё валіцца, ад эканомікі да хакею, то які сэнс у місіі служэньня? Адна справа — служыць краіне, і зусім іншая — служыць гаспадару. Матывацыя трохі іншая.
Вырасла кляса беларускіх мільянэраў, якія сваім ладам жыцьця спакушаюць чыноўнікаў
Сытуацыя трохі нагадвае тую, якая была ў апошнія часы існаваньня савецкай сыстэмы. Чыноўнікі разважалі, што калі сыстэма, якой служыў, развальваецца, то варта падумаць пра сябе. І тады ў СССР былыя партыйныя функцыянэры хутка канвэртавалі ўладу ў багацьце.
У 1990-я гады, пакуль рынкавыя адносіны былі неразьвітыя, у Беларусі, адрозна ад Расеі і Ўкраіны, не было сваіх алігархаў, існавала большая сацыяльная роўнасьць. А за апошнія 10–15 гадоў вырасла кляса беларускіх мільянэраў, якія сваім ладам жыцьця спакушаюць чыноўнікаў. І тыя прывілеі, якія ім Лукашэнка дае (катэджы ў Драздах ды іншых намэнклятурных пасёлках), іх ужо не задавальняюць. Яны пачынаюць думаць: а чым я горшы за Чыжа ці Шакуціна?
Акрамя таго, паводзіны самога Лукашэнкі, які заклікае ўсіх да сьціпласьці і служэньня дзяржаве, не зьяўляюцца добрым прыкладам. Задавальненьне любога капрызу за дзяржаўны кошт, ад 12 рэзыдэнцый да правядзеньня штогадовага міжнароднага хакейнага турніру імя самога сябе, разбэшчвае чыноўнікаў больш, чым што іншае.
Таму будзем чакаць новых фігурантаў карупцыйных спраў. На пацеху публікі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.