Савет Рэспублікі аб павышэньні пэнсійнага ўзросту жанчын: гэта не адпрацаваная прапанова

Умовы пэнсійнай рэформы ў Беларусі празрыстыя, якіх-небудзь зьменаў не плянуецца.

Пра гэта заявіла прэс-сакратар Савету рэспублікі Вольга Казловіч, паведамляе БелТА.

Пытаньне аб пэнсійным забесьпячэньні разглядалася 7 чэрвеня на пасяджэньні сэкцыі навукова-кансультатыўнай рады па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў Савеце Рэспублікі.

Як зьмяняўся памер пэнсій у Беларусі за 20 год

Паводле Вольгі Казловіч, «адбылася актыўная дыскусія», гучалі розныя прапановы:

  • павысіць пэнсійны ўзрост для жанчын;
  • перагледзець аплату працы ў бюджэтнай сфэры;
  • увесьці ўмоўна назапашвальную пэнсійную сыстэму;
  • увесьці дадатковыя карпаратыўныя сыстэмы, і іншыя.

Паводле Вольга Казловіч, «нельга ацэньваць меркаваньні, якія прагучалі, як адпрацаваныя прапановы».

Сярэдняя пэнсія павінна складаць ня менш за 40% ад сярэдняга заробку

«Стаіць задача, каб сярэдняя пэнсія складала ня менш за 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Гэта залежыць ад збалянсаванасьці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і магчымасьцей рэспубліканскага бюджэту», — сказала прэс-сакратар Савету Рэспублікі.

У пасяджэньні ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і экспэрты зь бізнэс-супольнасьці, грамадзкіх аб’яднаньняў.

Страхавы стаж для налічэньня пэнсіі ў Беларусі

Пэнсійны ўзрост жанчын можа павысіцца

Павышэньне пэнсійнага ўзросту для жанчын можа працягнуцца пасьля 2022 году.

Паводле БелаПАН, пра гэта было заяўлена ў Савеце Рэспублікі, дзе разглядалася пытаньне дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, за кошт сродкаў якога выплачваюцца пэнсіі і дапамогі, выконваецца з дэфіцытам з 2013 году.

Тэма дэфіцыту выносілася на разгляд экспэртаў у Савеце Рэспублікі. Збалянсаваць фонд плянуецца за кошт «комплексу захадаў, у тым ліку шляхам пераносу некаторых выдаткаў фонду на рэспубліканскі бюджэт».

Сярод прапанаваных захадаў:

  • выплачваць дапамогу па доглядзе за інвалідамі першай групы і састарэлымі, якія дасягнулі 80 гадоў, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а не са сродкаў фонду;
  • зьмяніць падыходы да аплаты бальнічных (прапануецца не аплачваць бальнічныя работнікам у сувязі з агульным захворваньнем або побытавай траўмай першыя тры каляндарныя дні, а аплачваць іх толькі з чацьвёртага дня часовай непрацаздольнасьці);
  • працягнуць павышэньне пэнсійнага ўзросту для жанчын з 2023 году.

Сярэднія пэнсіі ў Беларусі, Расеі, Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі ў эўра на канец 2015 году

Калі ўпершыню павысілі пэнсійны ўзрост

Першае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. Тады пастанавілі павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 году штогод на шэсьць месяцаў.

У выніку за 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.

Усё пра пэнсійны ўзрост. Каротка. ІНФАГРАФІКА