«Не патрэбен ні чыноўнікам, ні гараджанам». У Горадні закрыўся «Музэй праса»

Экспанаты з калекцыі былога горадзенскага «Музэю праса»

Унікальнай экспазыцыі прыватнага «Музэю праса», якая праіснавала два з паловай гады, болей няма ў Горадні. Уладальнік ня змог аплачваць арэнду і камунальныя паслугі, а ўлады на ягоную просьбу падтрымаць музэй аніяк не адрэагавалі.

Увесну Свабода пісала аб праблемах прыватных музэяў Горадні, а ўжо шостага чэрвеня ў горадзенскім «Музэі праса» пачалі дэмантаваць экспазыцыю, хоць наведнікі яшчэ ў гэты дзень прыходзілі. 7 чэрвеня ўласьнік і стваральнік музэю Аляксандар Шпакоўскі сказаў Свабодзе, што «Музэй праса» ў Горадні болей не існуе.

Не знайшлося 200–400 рублёў на месяц

Аляксандар Шпакоўскі

«Такое адчуваньне, што культура ў гэтым горадзе нікому непатрэбная», — з сумам заўважае ўласьнік музэю.

Паводле яго, для ўтрыманьня музэю былі патрэбныя не такія ўжо і вялікія сродкі: у летні пэрыяд было б дастаткова 200 рублёў, а ў зімовы — 400. Напрыканцы траўня ён быў на прыёме ў намесьніка старшыні аблвыканкаму Віктара Лісковіча, распавядаў пра тое, што ня ў стане аплачваць арэнду і камунальныя паслугі. Але чыноўнік, паводле яго, ніяк на гэта не адрэагаваў.

«Я зрабіў выснову, што для чыноўнікаў закрыцьцё музэю — звычайная справа, кшталту пашморгаць носам, — кажа Шпакоўскі. — Горад далей жыве сваім жыцьцём, а яны даюць справаздачы пра тое, колькі замежных турыстаў па „бязьвізе“ наведалі Горадню».

«Нават настаўнікам не рэкамэндавалі наведваць прыватныя музэі...»

Паводле Шпакоўскага, чыноўнікі не зрабілі нічога, каб рэклямаваць турыстам культурныя каштоўнасьці гораду, у тым ліку і прыватныя музэі. Нічога ня робіцца для прапаганды гісторыі і культуры, паводле яго, і ў школах. У выніку ў «Музэі праса» пабывалі толькі адзінкі.

Свабода раней зьвярталася да чыноўнікаў Горадзенскага гарвыканкаму з пытаньнем, ці падтрымае дзяржава прыватныя музэі. Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Горадзенскага гарвыканкаму Андрэй Ярашэвіч патлумачыў тады, што гарадзкія ўлады далі максымальныя прэфэрэнцыі для прыватных музэяў.

«Горад зрабіў ім самую нізкую арэндную плату. Гэта мінімальны каэфіцыент, які можа быць па заканадаўстве», — сказаў ён.

Экспазыцыя пераедзе ў іншыя гарады

Самым вялікім зьдзіўленьнем для Шпакоўскага стала тое, што ў Горадні не знайшлося ніводнага мэцэната, які б узяў на сябе выдаткі па ўтрыманьні музэю. Паводле яго, у гісторыі Горадні заўсёды лічылася за гонар, калі забясьпечаны чалавек займаўся мэцэнацтвам.

«Імёны такіх людзей заўсёды гучалі, яны мелі аўтарытэт, — кажа Шпакоўскі. — А што сталася з нашымі людзьмі цяпер, чаму яны такія? Адкуль узялася такая абыякавасьць?»

Паводле Шпакоўскага, яму паступілі прапановы зь іншых мясьцін, і экспазыцыя музэю часткова пераедзе ў маёнтак Дворышча на Лідчыне, а часткова ў Менск. Усе выдаткі па ўтрыманьні калекцыі бяруць на сябе прыватныя асобы.

«У маім музэі налічвалася больш за 2 тысячы экспанатаў, сярод іх больш за 600 прасаў — калекцыя ўнікальная. Людзі з Польшчы і Літвы прапаноўвалі стварыць такі музэй у іхніх краінах, бо нічога падобнага ня бачылі. Але мне ўсё ж хочацца, каб гэта знаходзілася на радзіме і нашы людзі найперш гэтым карысталіся», — сказаў Свабодзе Аляксандар Шпакоўскі.

Сам Шпакоўскі зьбіраецца падацца на заробкі за мяжу. Магчыма, будзе ствараць новыя музэйныя калекцыі.

У Горадні ўлады забралі памяшканьне ў галерэі, дзе адбываюцца беларускамоўныя імпрэзы