Міністэрства адукацыі і прэзыдэнцкая адміністрацыя не захацелі паспрыяць, каб Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт атрымаў імя выбітнага асьветніка і навукоўца Барыса Кіта (1910–2018).
Пра гэта прасілі актывісты руху «Дзея», а таксама жыхары Баранавіч, якія сабралі і перадалі 250 подпісаў за наданьне ўнівэрсытэту імя Барыса Кіта.
Неўзабаве пасьля сьмерці Барыса Кіта 1 лютага 2018 году сябры «Дзеі» арганізавалі шэраг акцый для ўшанаваньня яго памяці. У Баранавічах, дзе ў 1940 годзе ён выкладаў матэматыку ў пэдынстытуце і сустрэў другую жонку Ніну Корсак (1920–2015), а цягам 1930-х у статусе акруговага інспэктара спрычыніўся да адкрыцьця сотняў беларускіх школ, зьявілася ініцыятыва надаць імя Барыса Кіта мясцоваму ўнівэрсытэту.
Некалькі сотняў подпісаў пад зваротам накіравалі ў саму ВНУ, а таксама ў Міністэрства адукацыі і прэзыдэнцкую адміністрацыю.
У Баранавічах пачалі збор подпісаў за наданьне ўнівэрсытэту імя Барыса Кіта
У адказе за подпісам намесьніцы міністра адукацыі Беларусі Раісы Сідарэнкі, які атрымала актывістка «Дзеі» Аліна Нагорная, гаворыцца, што прапанова абмяркоўвалася двойчы — падчас сумеснага паседжаньня кіраўніцтва і студэнцкага актыву, а таксама на Радзе Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Па выніках разгляду прапанова адхіленая. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі ня можа падтрымаць ініцыятыву аб наданьні ўнівэрсытэту імя Барыса Кіта.
Раней рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Васіль Качурка не знайшоў магчымасьці выдзеліць аўдыторыю для прысьвечанай Барысу Кіту сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі.
Наваградзкія ўлады адмовіліся ад вуліцы Барыса Кіта: «Немэтазгодна, ужо ўшанаваны»
Як адзначалася ў звароце актывістаў «Дзеі», беларуская частка жыцьця Барыса Кіта непасрэдна зьвязаная з рэгіёнам. Ягоная сям’я паходзіць зь вёскі Агароднікі Наваградзкага павету (цяпер Карэлічы). Сам ён, працуючы акруговым інспэктарам адукацыі Баранавіцкай вобласьці, кіраваў школамі Баранавіцкага, Наваградзкага, Слонімскага, Валожынскага, Ваўкавыскага раёнаў. На працягу толькі аднаго году былі адкрытыя сотні пачатковых і дзясяткі сярэдніх беларускіх школ. Адначасова з гэтым ён выкладаў матэматыку ў Інстытуце настаўнікаў у Баранавічах.
Актывістка «Дзеі» Аліна Нагорная сказала Свабодзе, што ініцыятары будуць далей намагацца наладзіць сустрэчу ў БарДУ, каб растлумачыць студэнтам і выкладчыкам, чаму гэта важная ініцыятыва.
«Адмовы прадказальныя, але яны ня спыняць наш імпэт, будзем далей зьвяртацца і ў БарДУ, і ў Мінадукацыі, будзем прабівацца празь бюракратычныя бар’еры, тлумачыць».
Мінкульт Беларусі адмовіў ТБМ ва ўшанаваньні Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні
Барыс Кіт памёр сёлета 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця і быў пахаваны праз два тыдні ў Вісбадэне на могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы.