Вечарына памяці Барыса Кіта, прысьвечаная 108-й гадавіне з дня яго нараджэньня, прайшла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.
Старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім успомніла добрым словам Барыса Кіта як асьветніка, навукоўца, шчырага патрыёта, які ніколі ня здраджваў беларушчыне.
Алена Анісім расказала, што ТБМ сёлета, пасьля сьмерці Барыса Кіта, накіравала ў Адміністрацыю прэзыдэнта ліст з прапановай ушанаваць памяць выдатнага асьветніка і навукоўца на дзяржаўным узроўні, але атрымала адказ ад намесьніка міністра культуры Аляксандра Яцко.
У ім міністар расказвае, што Барыс Кіт ужо ўшанаваны ў Беларусі — ён зьяўляецца ганаровым грамадзянінам гораду Наваградку і ганаровым доктарам Горадзенскага ўнівэрсытэту, у Наваградзкім дзяржаўным краязнаўчым музэі яму прысьвечана экспазыцыя, а ў Наваградзкай сярэдняй школе № 1, дзе ён быў дырэктарам, створаны музэйны пакой.
Наконт выданьня паштовага канвэрта ці маркі ў гонар Кіта Яцко адказаў, што яны могуць быць выдадзеныя толькі праз 5 гадоў пасьля сьмерці чалавека ці да юбілеяў. Паводле Мінкульту, няма магчымасьці арганізаваць экспазыцыю, прысьвечаную Барысу Кіту, у Нацыянальным гістарычным музэі, бо ў яго фондах няма матэрыялаў пра жыцьцё і дзейнасьць гэтага навукоўца.
Разам з тым, паводле Яцко, у новым будынку гістарычнага музэю могуць зьявіцца згадкі пра Кіта, таму што там адзін з разьдзелаў будзе прысьвечаны беларусам замежжа. Больш ушаноўваць памяць Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні не плянуецца.
Аўтарка кніг пра Кіта Лідзія Савік сказала, што той і не спадзяваўся на цяперашнія беларускія ўлады, а зробленае для ўшанаваньня ягонага імя ў Беларусі зьдзейсьнена ня ўладамі, а грамадзкасьцю.
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў.
Памёр 1 лютага 2018 году на 108-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Вісбадэне.