Зьняволены футбольны фанат Ільля Валавік у калёніі за месяц зарабіў 7 капеек

Ільля Валавік, архіўнае фота

7 чэрвеня а 18-ай гадзіне ў менскай сядзібе БНФ пройдзе дабрачынная вечарына салідарнасьці з палітвязьнямі. Паводле аднаго з арганізатараў вечарыны Паўла Севярынца, на ёй правядуць збор ахвяраваньняў для дапамогі сем’ям палітвязьняў, у тым ліку лідэра фанацкай групы Ільлі Валавіка.

Праваабаронцы ў Беларусі прызнаюць палітвязьнямі Зьмітра Паліенку і Міхаіла Жамчужнага. Актывісты дамагаюцца ўключэньня ў гэты сьпіс некаторых іншых вязьняў, у тым ліку антыфашыстаў Ільлю Валавіка і Вадзіма Бойку.

Праца ў калёніі — чысьціць дрот

Ільля Валавік, архіўнае фота

Вязень магілёўскай калёніі № 15 Ільля Валавік працуе на ачыстцы дроту ад ізаляцыі, за што атрымлівае мізэрную плату. Былы актывіст антыфашысцкага руху і футбольны фанат Ільля Валавік быў асуджаны праз абвінавачаньне ў злосным хуліганстве і кіраўніцтве незарэгістраванымі арганізацыямі на 10 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

Маці вязьня Раіса Валавік расказала Свабодзе навіны пра сына.

«Вось напісаў, што на ачыстцы таго дроту зарабіў за месяц 0,07 рубля. Гэта 7 капеек! Праца нерэгулярная, а іншай няма ці не даюць. Такім чынам, ён хацеў бы матэрыяльна дапамагчы сям’і (дачцэ ўжо 2 гады), але насамрэч мне даводзіцца з апошніх сіл напружвацца, каб яму самому дапамагаць. Вялікая частка маёй пэнсіі ідзе на перадачы, на „атаварку“, а яшчэ патрэбны сродкі на адваката. Сытуацыя ў нас сапраўды вельмі складаная», — кажа Раіса Валавік.

Пакараны за фанацкую бойку

Ільля Валавік быў асуджаны ў 2017 годзе за бойку паміж групоўкамі футбольных фанатаў. У той справе Першамайскі раённы суд Менску асудзіў 7 футбольных фанатаў, у тым ліку двух на 12 гадоў зьняволеньня, бо было прызнана, што яны яшчэ і распаўсюджвалі наркотыкі.

Сутычка паміж прыхільнікамі двух менскіх футбольных клюбаў — «правымі» фанатамі «Тарпеда» й «антыфашыстамі», якія заўзелі за «Партызан» — адбылася яшчэ 29 чэрвеня 2014 году. Тады групы фанатаў пабіліся на прыпынку на вуліцы Несьцерава. Пасьля яны пабіліся яшчэ ў тралейбусе. Ільлю Влавіка суд палічыў арганізатарам «антыфашысцкіх груповак», хоць на судзе сваёй віны ён не прызнаў і дагэтуль спрабуе аспрэчыць прысуд.

«9 траўня мы атрымалі чарговы адказ зь Вярхоўнага Суду на скаргу Ільлі на прысуд. Пішуць, што пакінулі прысуд бязь зьменаў. Лічу, што фармальна разгледзелі справу і проста паўтарылі ранейшую адмову. Будзем далей скардзіцца, бо той суд быў спэктаклем. Проста разьмеркавалі ролі і несправядліва зрабілі з сына арганізатара злачынства», — паведаміла Раіса Валавік.

«Ён змагаўся супраць „русского мира“» — жонка футбольнага фаната Валавіка, асуджанага на 10 год