Шасьцёра фанатаў футбольнага клюбу «Партызан» (ужо не існуе, да 2009 году МТЗ-РІПА) у сакавіку 2017 году атрымалі ад 4 да 12 гадоў зьняволеньня за бойку ў тралейбусе з фанатамі футбольнага клюбу «Тарпэда». Сама бойка адбылася яшчэ ў 2014 годзе.
Нечаканая рэанімацыя справы і вялікія тэрміны, якія атрымалі падсудныя, прымушае праваабаронцаў гаварыць пра яе палітызаванасьць. А форум «Свабоду палітвязьням» ужо зьвярнуўся да ўладаў Беларусі і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з патрабаваньнем неадкладна вызваліць двух фігурантаў «справы фанатаў-антыфашыстаў» — Ільлю Валавіка і Зьмітра Цехановіча, называючы іх палітычнымі вязьнямі.
Свабода сустрэлася і паразмаўляла з жонкай галоўнага фігуранта справы 27-гадовага Ільлі Валавіка, актывісткай «Маладога фронту» Аленай, якая цяпер адна гадуе дачку Глёрыю і разам з адвакатам спрабуе дамагчыся статусу палітычнага зьняволенага для свайго мужа.
Што адбылося?
Алена распавядае, што фанацкая суполка «Партызану» мае выразную антыфашыстоўскую ідэалёгію. Сваімі апанэнтамі яна лічыць фанатаў футбольных клюбаў «Тарпэда» і «Дынама-Менск». Паміж фанатамі з розных клюбаў пэрыядычны адбываюцца сутычкі, яны могуць быць дамоўленымі ці стыхійнымі.
«Забівы», ці бойкі паміж фанатамі, у якіх час ад часу ўдзельнічаў Ільля, не хвалявалі Алену.
«Ён не чыніў шкоды нічыйму здароўю. Ільля — чэмпіён ува ўсходніх аднаборствах, шмат хто зь ягоных паплечнікаў — таксама спартоўцы. Такія людзі, калі б’юцца, ведаюць, як гэта рабіць, каб траўмаў ніякіх не было. Гэта такая забава, гульня нават».
Бойку, якая адбылася ў тралейбусе ў чэрвені 2014 году, сьледчыя называюць «асабліва злосным хуліганствам з матываў варожасьці да іншай сацыяльнай групы». Паводле сьледзтва, пасьля футбольнага матчу фанаты «Партызану» спынілі тралейбус, у якім ехалі заўзятары ФК «Тарпэда», разьбілі вакно і зьнялі рогі тралейбуса, распылілі сьлезацечны газ. Пацярпелых у інцыдэнце не было, але «Менсктранс» запатрабаваў 26 BYN як кампэнсацыю за выбітае шкло.
Якія погляды мае Ільля Валавік?
Паводле словаў Алены, Ільля Валавік — беларускі нацыяналіст, актыўна выступаў супраць адэптаў «русского мира». Больш за тое, ён пачаў распаўсюджваць такую ідэалёгію сярод фанатаў, на якіх меў уплыў.
«Яны лічылі ворагамі тых, хто „за адраджэньне Расейскай імпэрыі“. Ільля ўвогуле мае выразныя нацыяналістычныя погляды. Я сама — актывістка „Маладога Фронту“, мы зь ім і сышліся на цікавасьці да беларускай гісторыі, беларускага адраджэньня. То бок нашыя погляды даволі блізкія. Ведаеце, ёсьць такі ўзрост — 15-16 год. Твае далейшыя погляды і цікавасьці вызначаюцца тым, куды ты ў гэты час трапіш, у якую тусоўку. Я трапіла ў „Малады фронт“, ён да фанатаў. Я заўсёды Ільлю казала, што ён бы выдатна пачуваўся ў „Маладым фронце“, але ён неяк асьцерагаўся палітыкі».
Чаму Ільля Валавік атрымаў ажно 10 гадоў турмы?
Валавік быў нефармальным лідэрам антыфашыстоўскага фанацкага руху ў Беларусі, меў вялікі аўтарытэт сярод заўзятараў футбольнага клюбу «Партызан», які ў 2014 годзе спыніў існаваньне празь фінансавыя цяжкасьці.
Справа з тралейбусам спачатку не атрымала розгаласу, за бойку нікога не пакаралі. Але ў 2016 годзе «справай антыфашыстаў» занялося ГУБАЗіК, прайшлі суды, дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як «асабліва злоснае хуліганства», засудзіўшы фігурантаў на тэрміны ад 4 да 12 гадоў. Працэс нават асьвятлялі дзяржаўныя тэлеканалы.
«Усё пачалося зь 2014 году, калі ва Ўкраіне здарыўся Майдан. Праз тое, што ва ўкраінскіх падзеях вялікую ролю адыгралі футбольныя фанаты „Дынама“ (Кіеў), улады Беларусі, відаць, вырашылі, што трэба зьнішчыць лідэраў фанацкіх рухаў у нашай краіне, каб, калі раптам што, тут не паўтарыліся ўкраінскія падзеі. Эпізод з тралейбусам, у які Ільля трапіў выпадкова, быў адзінай нагодай, каб яго затрымаць. Ні да гэтага, ні пасьля нічога зь ягоным удзелам не было», — кажа Алена.
Чаму Ільля і Алена ня зьехалі за мяжу?
Алена і Ільля пазнаёміліся ў 2013 годзе падчас спартовых спаборніцтваў. Ужо да таго часу цікавасьць Валавіка да футбольных матчаў моцна зьнізілася — ён заканчваў унівэрсытэт, працаваў мэнэджэрам продажаў.
«Да таго ж пачаўся ціск на фанатаў, усіх здымалі на камэры, правяралі дакумэнты, а Ільля вельмі не хацеў «сьвяціцца». Нават я ў той час працягвала хадзіць на матчы, а ён — не. Але ён надалей падтрымліваў кантакт зь сябрамі-антыфашыстамі. Калі Ільлю прэвэнтыўна пасадзілі «на суткі» падчас хакейнага чэмпіянату сьвету, былі думкі зьехаць. Але празь некаторы час я зацяжарыла, мне было кепска, таксыкоз. Ільля казаў: «Як я цябе пакіну? Я буду з табой. Да таго ж я нічога не зрабіў, каб мне пагражала нейкая небясьпека. Я нікога не забіў, нічога ня ўкраў. Чаго мне баяцца ў сваёй жа краіне?».
Што далей?
Алена гадуе дачку Глёрыю. Яна нарадзілася, калі Ільля ўжо быў за кратамі. Але менавіта ён выбраў для яе імя — «Слава Божая». Алена зьбіраецца браць Глёрыю на нешматлікія дазволеныя спатканьні з мужам, каб «пазнаёміць дачку і тату». Цяпер зьбірае неабходныя дакумэнты і сьведчаньні, якіх патрабуюць праваабарончыя арганізацыі, каб разглядаць наданьне Валавіку статусу палітзьняволенага. Алена спадзяецца, што, нягледзячы на вялікі тэрмін, пры дапамозе адвакатаў і праваабаронцаў, а таксама народнага розгаласу ўдасца выцягнуць мужа з турмы раней. Каб не давялося прыдумляць, што сказаць дачцэ, калі яна пачне размаўляць і пытацца, дзе яе тата.