Менскі гарадзкі савет дэпутатаў пастанавіў (PDF) надаць назвы некаторым часткам Менску, дзе маюць зьявіцца новыя вуліцы і паркі.
- Праектаваную вуліцу ў межах Партызанскага праспэкту, вуліц Куляшова і Шышкіна назвалі імем савецкага памежніка, дывэрсанта НКВД і кіраўніка выведнага аддзелу КДБ Яўгена Міркоўскага.
- Праектаваную вуліцу між вуліцамі Янкі Лучыны і Чыжэўскіх – імем беларускага навукоўца, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністра сельскай гаспадаркі БНР Аркадзя Смоліча, расстралянага бальшавікамі ў 1938 годзе.
- Праектаваную вуліцу ад Ігуменскага тракту да вуліцы Чыжэўскіх – імем беларускага савецкага кампазытара Ўладзімера Алоўнікава.
- Праектаваную вуліцу ад Ігуменскага тракту да вуліцы Смоліча – імем беларускага паэта Алеся Дудара, расстралянага бальшавікамі ў 1937 годзе.
- Пешаходную зону ад Сьвята-Духавага катэдральнага сабора да вуліцы Багдановіча – Козьма-Дзям’янаўскім (так, праз О, напісана ў рашэньні Менгарсавету, апостраф там слаба заўважны, «зьехаў» празь няправільны шрыфт. — РС) спускам.
- Парк між вуліцамі Пляханава, Ванеева і Райніса – імем кіргіскага пісьменьніка Чынгіза Айтматава.
- Парк між вуліцай Даўгабродзкай, завулкам Казлова і Сьляпянкай – імем дыплямата і былога старшыні Менгарвыканкаму Аляксандра Герасіменкі.
Дасьледніца жыцьця і творчасьці Алеся Дудара, настаўніца Ганна Севярынец казала Свабодзе, што з Дударом амаль адгадалі: цалкам магчыма, што ён хацеў завулак свайго імя. Але Дудар, кажа яна, жыў ня ў тым раёне, дзе ягоным імем назавуць вуліцу: ня ў Лошыцы, а на вуліцы Правадной, што паблізу Інстытуту культуры.