Беларусы напазычалі праз крэдыты амаль 10 млрд рублёў. Новы рэкорд

Ілюстрацыйнае фота

Паводле статыстычнага бюлетэню Нацбанку (PDF), на 1 траўня 2018 году запазычанасьць фізычных асобаў беларускім банкам у крэдытах працягнула рост, дасягнула 9,7504 млрд рублёў. Красавіцкі рэкорд пабіты.

Яшчэ год таму запазычанасьць фізычных асобаў складала 7,3745 млрд рублёў. Расьце таксама пратэрмінаваная і пралянгаваная запазычанасьць фізычных асобаў — цяпер ужо 46,9 млн рублёў.

Дзяржаўныя камэрцыйныя прадпрыемствы тым часам вінныя 5,1441 морд рублёў, прыватны сэктар запазычыўся яшчэ 5,2562 млрд, нябанкаўскія фінансавыя арганізацыі — 1,6831 млрд.

Траціна запазычанасьці фізычных асобаў — крэдыты на спажывецкія патрэбы, амаль дзьве траціны — крэдыты на будаўніцтва і набыцьцё жытла.

Ад 1 траўня ў Беларусі зьмененыя правілы выдачы крэдытаў насельніцтву: уведзены каэфіцыент пазыковай нагрузкі, банк будзе аналізаваць даходы і выдаткі фізычнай асобы, якая зьвярнулася па крэдыт. Ужо абмежаваныя стаўкі па мікразаймах. Да таго беларускім банкам забаранілі рабіць падарункі ўкладчыкам. Але разам з тым Нацбанк анансаваў дазвол рахункаў за мяжой.

На пачатку траўня Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў беларусаў, які паскарае інфляцыю. Нягледзячы на гэты штучны рост, абяцаных больш як 12 год таму «па пяцьсот» даляраў сярэдняга налічанага заробку дагэтуль няма — у красавіку паказьнік упаў да 460 даляраў.