Што беларускія выдаўцы прывезьлі на буйную кніжную выставу ў Кіеў

На «Кніжны арсэнал» штогод чэргі. Кошт квітка — ад 35 да 250 грыўняў (3—20 рублёў у пераліку)

Тры беларускія выдавецтвы — «Галіяфы», «Янушкевіч» і «Arche» — упершыню прадставілі сваю прадукцыю на адной з найбуйнейшых ва Ўкраіне кніжных выстаў — кіеўскім «Кніжным арсэнале». Дагэтуль беларуская кніга прадстаўлялася толькі ў Львове.

Месца для інтэлектуалаў

«Кніжны арсэнал» праводзіцца штогод і лічыцца ва Ўкраіне ці не галоўнай пляцоўкай для інтэлектуалаў.

Сёлета на выставу прыехалі каля 200 украінскіх пісьменьнікаў і 100 гасьцей з 31 краіны сьвету. Тут адбываюцца прэзэнтацыі, мастацкія выставы і дыскусіі. Наведваць выставу стала ўжо і пэўным рытуалам для ўкраінскіх палітыкаў.

У першыя дні з «Кніжным арсэналам» азнаёміліся прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і лідэрка апазыцыі Юлія Цімашэнка. Але беларускім стэндам яны не зацікавіліся — Парашэнка прайшоў побач, а Цімашэнка абмежавалася наведваньнем павільёну зь дзіцячай літаратурай.

Юлія Цімашэнка ў дзіцячым павільёне «Кніжнага арсэналу»

Беларускай кнігай цікавіўся кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімер Вятровіч. Праўда, пакуль ён толькі прыглядаўся, але паабяцаў абавязкова падтрымаць беларускіх выдаўцоў і аўтараў.

Уладзімер Вятровіч каля стэнду зь беларускай кнігай

Беларускія выдаўцы не сумуюць

Каля стэнду зь беларускімі кнігамі заўсёды ёсьць наведнікі — як выпадковыя, гэтак і тыя, што прыйшлі адмыслова.

Кіяўлянка Людміла набыла кнігу пра ВКЛ

Кіяўлянку Людмілу, якая працуе ў чытальнай залі бібліятэкі імя Тараса Шаўчэнкі, прывабілі гістарычныя кнігі.

«Я цікаўлюся гісторыяй з розных крыніц, а тут пабачыла кнігу пра Вялікае Княства Літоўскае беларускага выдавецтва, і мяне зацікавіў беларускі погляд на гэты пэрыяд гісторыі. Спачатку я паглядзела, ці змагу я прачытаць на беларускай мове, і зрабіла выснову — прачытаю, бар’еру няма. Я наагул лічу, што калі б былі аб’яднаныя Польшча, Літва, Беларусь і Ўкраіна, мы б мелі добры саюз», — сказала жанчына.

«Цікавяцца тым, што нас аб’ядноўвае»

Сяргей Макарэвіч зь беларускага стэнду кажа, што менавіта гістарычная літаратура найбольш цікавіць украінскага чытача-пакупніка.

«Запытваюць, што ёсьць па агульнай гісторыі Беларусі, што напісана папулярна. Цікавяцца таксама гісторыяй пэўных пэрыядаў — XV, XVI ці XVII стагодзьдзяў. Вялікая ўвага да паэзіі. Мы нават не чакалі гэтага. Прыходзяць і адразу пытаюцца — дайце нам сучасную беларускую паэзію, пакажыце, што ёсьць, — кажа ён. — Набываюць кнігі Ярылы Пшанічнага, Віктара Жыбуля, Вольгі Гапеевай, Веры Бурлак. З тых, каго пыталіся і ведаюць, — Хадановіча. Ведаюць Някляева, ён нядаўна тут выступаў на нейкай імпрэзе, дык яго ведаюць і цікавяцца. Творамі Адама Глёбуса цікавяцца. З празаікаў тут найбольш папулярныя прозьвішчы Альгерда Бахарэвіча і Віктара Марціновіча».

Беларускі стэнд

Паводле Сяргея Макарэвіча, украінцаў прываблівае і перакладная літаратура.

«Напрыклад, Льюіс Кэрал „Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса“. Аўтар і кніга вядомыя, але адметнасьць беларускага выданьня — у ілюстрацыях, зробленых адмыслова для гэтага выданьня. Гэта вельмі падабаецца людзям, бо некаторыя проста зьбіраюць кнігі Кэрала на розных мовах. Або, напрыклад, Маркес. Людзі падыходзяць, кажуць, што чыталі яго па-расейску і па-ўкраінску і хочуць пачытаць менавіта па беларуску. Або Кен Кізі „Палёт над гняздом зязюлі“ (у перакладзе Аляксея Знаткевіча. — РС). З гістарычных кніг тут найбольш папулярная „Бітва пад Воршай“. Раман Бахарэвіча „Сабакі Эўропы“ яшчэ ня ўсе ў Беларусі бачылі, а тут некалькі людзей прыходзілі адмыслова па гэты твор», — кажа Макарэвіч.

Беларускія выдавецтвы прывезьлі ў Кіеў няшмат кніг, і большасьць зь іх у адзінкавым экзэмпляры. Іх кошт ад 40 да 200 грыўняў (3–16 рублёў у эквіваленце). І, як мяркуе Сяргей Макарэвіч, падсумоўваючы першыя дні выставы, назад у Беларусь вернецца няшмат выданьняў.

«І Хадановіч — прэзыдэнт Вялікай Літвы». Аляксандар Ірванец пра ўкраінскую літаратуру і плён ад вайны