Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне «Аб падтрымцы культуры і мастацтва», піша БелТА. Само распараджэньне пакуль не апублікаванае.
Паводле распараджэньня выдзяляюцца грошы на:
- рэстаўрацыю Косаўскага палацава-паркавага комплексу;
- кансэрвацыю і рэстаўрацыю Гальшанскага і Крэўскага замкаў.
Усяго сёлета ў Беларусі на бюджэтныя сродкі плянуюць аднавіць 18 гісторыка-культурных помнікаў.
Як ідзе рэканструкцыя Косаўскага палаца?
Рэканструкцыя Косаўскага палаца пачалася ў 2006 годзе, ішла зь перабоямі, бо грошай не хапала. Меркавалася, што фасад адновяць у тым выглядзе, які быў пры Пуслоўскіх. Аднак ня ўсё будзе аўтэнтычнае. Дах, напрыклад, пакрылі чырвонай мэталічнай дахоўкай. Крытыкавалася і ўсталяваньне «негістарычных» вокнаў.
Косаўскі палац (былая рэзыдэнцыя графаў Пуслоўскіх) быў узьведзены ў першай палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту архітэктара Францішка Яшчэлды за паўтара кілямэтра ад Косава. Гэта помнік архітэктуры нэаготыкі з элемэнтамі клясыцызму. Паводле найбольш распаўсюджанай сярод гісторыкаў вэрсіі, палац разбурылі ў 1944 годзе партызаны.
Ці магчыма аднавіць замак у Крэве?
Сёлета ў траўні завяршыўся першы этап кансэрвацыі Крэўскага замка, дзе ў 1385 годзе падпісалі дынастычную унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. У плянах на 2018 год значылася таксама кансэрвацыя заходняй сьцяны, але грошай на гэтыя працы да сёньня не было.
Да кансэрвацыі гістарычны помнік літаральна рассыпаўся. Кансэрвацыя дае спадзеў, што калі-небудзь замак змогуць рэстаўраваць.
У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс амаль трох дзясяткаў памятак даўніны, клопат пра захаванасьць якіх ускладаецца на Дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437.
Летась на яго кансэрвацыю з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва было выдзелена 50 тысяч даляраў.
Чаму разбураны Гальшанскі замак?
Рэстаўрацыя адной з рэзыдэнцый магнацкага роду Сапегаў у Гальшанах пачалася ў 2013 годзе. Аднак цягам трох гадоў візуальныя зьмены на пляцоўцы былі мала заўважныя.
Гальшанскі замак да 1525 году быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх. Пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да роду Сапегаў. Замак шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся. Асаблівасьцю замка была ўнікальная сыстэма ацяпленьня і каналізацыі. Багацьця Сапегаў хапіла на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Насупраць брамы, на супрацьлеглым баку падворка была каплічка.
Сур’ёзныя разбурэньні замак зазнаў ужо ў найноўшай гісторыі. За савецкім часам у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага дырэктара вучэльні кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За гэта давалі дадатковы водпуск — можна было заехаць дадому.