Мабільнік па пашпарце: у Казахстане прынялі папраўкі ў закон аб сувязі

Улады Казахстану прынялі папраўкі ў закон «Аб сувязі».

Сьцісла: мабільныя тэлефоны ў абавязковым парадку „прывяжуць“ да асабістых дадзеных грамадзянаў.

Што рабіць? Да канца 2018 году жыхары Казахстану мусяць зарэгістраваць IMEI-коды сваіх тэлефонаў, іначай у студзені 2019-га застануцца бяз сувязі. IMEI-код будзе прывязаны да ідэнтыфікацыйнага нумару, які ёсьць у кожнага жыхара краіны.

IMEI код — унікальны код мабільнага тэлефона, які даецца заводам-вытворцай і перадаецца мабільнаму апэратару падчас падлучэньня тэлефона да сеткі.

Як гэта будзе працаваць? Зарэгістраваны тэлефон ня будзе працаваць з незарэгістраванай сім-картай, сьцьвярджае міністар інфармацыі і камунікацый Казахстану Даўрэн Абаеў.

Дадатковы ўлік тэлефонаў у асобную базу ўлады Казахстану тлумачаць барацьбой з:

  • экстрэмізмам;
  • крадзяжамі мабільных тэлефонаў (злачынцу знаходзяць у 5% такіх здарэньняў);
  • рынкам «шэрых» мабільнікаў.

У 2014 годзе ўлады патрабавалі зарэгістраваць свае мабільныя нумары ў апэратараў, ананімным абанэнтам пагражала пазбаўленьне сувязі. Меркавалася, што новыя сім-карты будуць падлучацца ўжо з абавязковай рэгістрацыяй.