На дзяўчыну з плякатам «Самі вы падробка» склалі пратакол за «масавае мерапрыемства адзіночны пікет»

Віка Біран ля Дому ўраду, 24 траўня

Сузаснавальніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран 24 траўня выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да менскага Дому ўраду і будынкаў Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. На Facebook яна расказала, што за гэта на яе склалі пратакол за «масавае мерапрыемства адзіночны пікет».

Як сьцьвярджае Віка Біран, міліцыянт зачытваў ёй артыкул пра пікет з сайту Citydog, пытаў пра сям’ю, дзяцей і «сямейныя каштоўнасьці», называў яе «нібыта лесьбіянкай», прасіў патлумачыць, хто такія трансгендэры (гэта людзі, у якіх зарэгістраваны пол не супадае з успрыманьнем свайго гендэру) і што такое ЛГБТ (гэтай абрэвіятурай пазначаюць супольнасьць лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў, часам таксама дадаюцца іншыя літары для пазначэньня асэксуалаў, інтэрсэксуалаў, пансэксуалаў, людзей з квір-ідэнтычнасьцю).

За парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў паводле арт. 23.34 КаАП пагражае штраф да 40 базавых велічыняў — 980 рублёў. З шэрагу «масавых мерапрыемстваў» не выключаюцца і адзіночныя пікеты. Караць могуць і за заклікі на такія мерапрыемствы, калі яны не санкцыянаваныя мясцовымі ўладамі.

Біран таксама расказвае, што пасьля правядзеньня пікету атрымала як падтрымку ад знаёмых і незнаёмых людзей, так і вялікую колькасьць абразаў у камэнтарах і прыватных паведамленьнях, у тым ліку пагрозы.

Што важна ведаць

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».