Супрацоўнікаў «Белсату» завалілі позвамі ў міліцыю

Журналісты «Белсату» на знак пратэсту супраць перашкодаў у працы часткова заляплялі лягатыпы тэлеканалу на сваім абсталяваньні

Адразу шэсьць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», атрымалі позвы ў Савецкі РУУС Менску. Журналіст Кастусь Жукоўскі, які раней працаваў зь «Белсатам», атрымаў яшчэ шэсьць пратаколаў.

У міліцыю ў адзін дзень выклікалі Кацярыну Андрэеву, Тацяну Белашову, Віталя Дубіка, Сяргея Кавалёва, Вольгу Чайчыц і Андруся Козела. У кожнага ў позвах пазначаная частка 2 артыкулу 22.9 КаАП — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». За якія матэрыялы выклікаюць журналістаў, невядома. Ім пагражаюць штрафы ад 20 да 50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў).

«Калі міліцыянты хочуць даведацца сакрэты прафэсіі і перайсьці на „светлы бок“, то наўрад ці атрымаецца, бо такіх, як кажуць, „не бяруць у касманаўты“, — абураецца „Белсат“. — А калі хочуць даведацца актуальныя навіны краіны, то хай лепей чытаюць наш сайт belsat.eu».

Кастусь Жукоўскі тым часам пытае, ці можа нехта пракамэнтаваць «заявы аб пацяпленьні і зьмяншэньні ціску». Адзін з «рэкардсмэнаў» у пакараньнях за журналісцкую дзейнасьць, Жукоўскі ўжо атрымаў штрафаў на больш як дзьве тысячы рублёў і быў вымушаны спыніць супрацу зь «Белсатам», але казаў: «Нас дабіваць — што неба фарбаваць». З Жукоўскім за першае месца ў штрафах не па сваёй волі «спаборнічаў» глыбоцкі журнраліст Зьміцер Лупач — яго таксама штрафуюць за «Белсат».

Летась за супрацу з тэлеканалам журналістаў наштрафавалі на 50 тысяч рублёў. Карэспандэнтам «Белсату», які працуе як фармальна польскі тэлеканал, не даюць акрэдытацыі ў Беларусі без тлумачэньняў.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Міністар інфармацыі пра новы закон аб СМІ: «Закліканы ўраўняць усіх». Чаму гэта ня так