Спыніць узмацненьне судовага і фінансавага перасьледу незалежных журналістаў заклікала беларускія ўлады міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», паведамляе БелаПАН.
У паведамленьні, распаўсюджаным 18 траўня, адзначаецца, што з пачатку 2018 году журналістаў штрафавалі ня менш за 48 разоў; у асноўным пацярпелі супрацоўнікі тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы (46 разоў).
Напрыклад, толькі за тыдзень з 8 па 14 траўня за працу без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі было накладзена ня менш за 10 штрафаў. Для параўнаньня, за ўвесь 2016 год журналістаў штрафавалі 10 разоў, за 2017-ы — 69 разоў.
У прыватнасьці, летась гомельскага незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, які супрацоўнічае зь «Белсатам», штрафавалі 10 разоў, сёлета — ужо восем (на 2 300 эўра). За апошні тыдзень Жукоўскі атрымаў ужо пятую позву ў суд.
«Рэпартэры бязь межаў» кажуць пра «заганнае кола»: перасьледы прымушаюць незалежныя СМІ працаваць з-за мяжы, але на журналістаў накладаюць штрафы, калі яны ня маюць акрэдытацыі пры МЗС. Пры гэтым «ўлады адхілілі шматлікія просьбы» «Белсату» «аб дазволе адкрыць у Менску бюро і акрэдытацыі сваіх карэспандэнтаў». У выніку журналісты вымушаныя працаваць нелегальна, маюць праблемы зь бясьпекай і атрыманьнем афіцыйнай інфармацыі.
«Павелічэньне ў геамэтрычнай прагрэсіі колькасьці штрафаў, накладзеных з пачатку году, сьведчыць пра мэтанакіраваную кампанію з мэтай прымусіць замаўчаць журналістаў „Белсату“», — заявіў кіраўнік аддзелу «Рэпартэраў бязь межаў» па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір.
Паводле яго, міжнародныя партнэры Беларусі павінны неадкладна націснуць на ўлады, каб пакласьці канец судоваму і фінансаваму перасьледу незалежных журналістаў. «Патрабаваньне аб акрэдытацыі для замежных СМІ павінна быць адмененае», — падкрэсьліў Бір.
Беларусь займае 155-е месца сярод 180 краінаў у індэксе свабоды СМІ «Рэпартэраў бязь межаў».
Раней Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама заявіла, што ўмовы працы журналістаў у Беларусі сёньня ня могуць лічыцца свабоднымі і што ўлады Беларусі вядуць рэпрэсіўную кампанію супраць фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.