Аляксандар Лукашэнка 24 траўня падпісаў указ № 201 «Аб супрацьдзеяньні допінгу ў спорце», піша БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.
Калі спартоўца дыскваліфікуюць праз допінг, яго і ягоны пэрсанал:
- прымусяць вярнуць «стымулюючыя» прэміі, якія выплачваюцца за спартовыя вынікі;
- пазбавяць дзяржаўных узнагарод, атрыманых за спартовыя вынікі;
- забароняць займацца пэдагагічнай дзейнасьцю ў спартовай сфэры.
Праз сыстэматычнае парушэньне антыдопінгавых правілаў будуць пазбаўляць фінансаваньня нацыянальныя і зборныя каманды і скарачаць іх удзельнікаў. Спартовыя фэдэрацыі, саюзы і асацыяцыі за такія парушэньні могуць:
- пазбавіць права на атрыманьне дзяржаўнай падтрымкі;
- пазбавіць права на вызваленьне ад падаткаў;
- выключыць з рэестру фэдэрацый на тэрмін да двух гадоў.
У кастрычніку 2017 году Міністэрства спорту паведамляла, што антыдопінгавы дакумэнт увядзе крымінальную адказнасьць за незаконны зварот забароненых у спорце рэчываў і схіленьне непаўналетніх да іх ужываньня. Крымінальная адказнасьць новым указам Лукашэнкі ня ўводзіцца — кіраўнік дзяржавы загадаў прапрацаваць гэтае пытаньне.