Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі — вярнуліся з паездкі ў ЗША, дзе сустракаліся зь вядомымі палітыкамі, адказнымі супрацоўнікамі Дзярждэпартамэнту і прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Размовы пра Беларусь далі пэўны вынік, заявілі апазыцыянэры на прэсавай канфэрэнцыі ў офісе АГП 23 траўня.
Слуханьні па Беларусі ў Кангрэсе — рэальнасьць
Анатоль Лябедзька сказаў, што амэрыканскія кангрэсмэны-рэспубліканцы Крыстафэр Сміт і Джон Шымкус зацікавіліся прапановай беларускіх гасьцей правесьці ў Кангрэсе слуханьні па праблемах адносін зь Беларусьсю. «Нам адказалі, што гэта магчыма, цікаўнасьць да Беларусі ёсьць». Неабходнымі ўмовамі правядзеньня такіх слуханьняў старшыня АГП назваў зацікаўленасьць і актыўнасьць дэмакратычных сіл Беларусі ды інтарэс беларускай дыяспары ў ЗША — выбарцаў, да якіх прыслухоўваюцца амэрыканскія палітыкі.
Бакі дамовіліся, што будуць рыхтаваць такія слуханьні з разьлікам на восень 2018 году.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі не адменяць
Перад паездкай у ЗША беларускія апазыцыянэры чулі, што адміністрацыя Дональда Трампа нібыта зьбіраецца адмяніць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты на пачатку 2000-х гадоў дзеля стымуляваньня палітычных рэформаў у краіне.
«Нас запэўнілі, што ёсьць разуменьне, што пакуль гэта немагчыма. Вядома, што беларускі МЗС гэтага дамагаецца, кажа, што Акт не дазваляе разьвіваць узаемныя адносіны. Але пакуль ён будзе дзейнічаць, бо прагрэсу ў палітычным рэфармаваньні ў Беларусі амэрыканцы не назіраюць», — кажа Анатоль Лябедзька.
Паводле палітыка, беларусы пераконвалі амэрыканскіх чыноўнікаў і кангрэсмэнаў, што варта далей дапамагаць дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі ды незалежным мэдыям.
«Мы распавядалі і пра „Белсат“, пра закрыцьцё сайту Charter97, пра праблемы праваабаронцаў, пра справу незалежных прафсаюзаў. Падтрымка будзе».
Паводле Лябедзькі, мэсыдж ЗША ў выглядзе ўвагі да Беларусі патрэбны, «каб захаваць лічбу ў 30–40% дэмакратычна настроеных беларусаў». Калі ж у Беларусі ня будзе прысутнасьці Эўропы, ЗША, Эўразьвязу, дык, паводле Анатоля Лябедзькі, «тут яшчэ больш будзе „русского мира“».
Юрась Губарэвіч да гэтага дадаў, што пакуль Беларусь не ўспрымаецца амэрыканскім істэблішмэнтам асобна ад Расеі, таму беларускім дэмакратычным палітыкам варта больш актыўна працаваць з амэрыканскімі палітыкамі, абмяркоўваць зь імі пэрспэктывы Беларусі як самастойнай дзяржавы. Амэрыканцаў вельмі цікавіць, ці ня ёсьць Беларусь «марыянэткай у плянах Расеі па ваеннай агрэсіі супроць суседніх дзяржаў, у тым ліку Ўкраіны», сказаў Юрась Губарэвіч.
Я б не выключаў сустрэчы Трампа з Лукашэнкам, — віцэ-прэзыдэнт Atlantic Council
Ці магчымая сустрэча Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам?
Віталь Рымашэўскі мяркуе, што пакуль такая сустрэча немагчымая, бо не стаіць на парадку дня ўладаў ЗША.
Анатоль Лябедзька лічыць, што калі задаць пытаньне Трампу пра Лукашэнку, той будзе ў разгубленасьці.
«Чаму я лічу, што ён не зразумее, пра каго гаворка? Бо Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі апынулася на міжнароднай узбочыне. Замест таго каб будаваць з ЗША нармальныя адносіны, каб прыцягваць ад іх мільярды даляраў інвэстыцый, 24 гады Лукашэнка разбураў нашы стасункі. Мы нават амбасадараў ня маем, і гэта па віне Лукашэнкі», — кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Юрась Губарэвіч лічыць, што перадумовай такой сустрэчы павінны стаць эканамічныя і палітычныя рэформы ў Беларусі, у тым ліку выбарчая, што дазволіла б беларусам вольна абіраць кіраўніцтва краіны і сапраўдны парлямэнт. Але, лічыць палітык, на гэта Аляксандар Лукашэнка сьвядома не ідзе.
«Лукашэнка хоча захаваць статус-кво, але гэта немагчыма зрабіць у ізаляцыі. Нават Расея перастае быць донарам Беларусі».
Лябедзька: «Да 90% маладых беларусаў хацелі б вярнуцца»
Паводле Віталя Рымашэўскага, у ЗША жывуць «некалькі соцень тысяч» беларусаў, зь дзясяткамі зь іх лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі бачыліся і кантактавалі ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку.
«Але, на жаль, ня ўсе зь беларусаў у ЗША далучаюць сябе да беларусаў. Некаторыя далучаюцца да дзейнасьці расейскай дыяспары, што вельмі прыкра і сумна. Таму падтрымка нацыянальных цэнтраў беларусаў у ЗША — гэта адна з задач, якія мы перад сабой ставім», — сказаў Віталь Рымашэўскі. Паводле сустаршыні БХД, беларускі ўрад зусім не дапамагае дыяспары, у тым ліку не стварае ўмоваў для вяртаньня беларусаў на радзіму.
«Да 90% маладых беларусаў хацелі б вярнуцца, распачаць тут уласны бізнэс», — такую выснову па выніках сустрэч з суайчыньнікамі зрабіў Анатоль Лябедзька. «Але замест падтрымкі на радзіме гэтых людзей запісалі ў дармаеды і патрабуюць грошай», — абураўся Віталь Рымашэўскі.
Паводле Анатоля Лябедзькі, грошы на паездку трох апазыцыйных палітыкаў у ЗША даваў не Дзярждэпартамэнт гэтай краіны. «Адзін беларус даў грошы на квіткі, другі — на пражываньне».