Дзясяткі будучых каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы ў ваенкамат. Сярод прызыўнікоў адзін каталіцкі сьвятар, які ўжо скончыў сэмінарыю і служыць у катэдральным касьцёле Горадні. У Міністэрстве абароны кажуць, што выклікаюць у межах закону.
«Гэта першы раз такая сытуацыя»
Позвы ў ваенкамат атрымалі каля 20 клерыкаў каталіцкай вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Горадні, некалькі выхаванцаў каталіцкай сэмінарыі ў Пінску, дзясяткі студэнтаў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў Жыровіцах. Гэтымі днямі навучэнцы праходзяць мэдычную камісію. У колах духавенства кажуць, што гэта выключны выпадак.
«Першы раз такая сытуацыя. Ніколі раней такога не было. Паўставалі адзіночныя праблемы, калі яны [у ваенкамаце] забыліся пра нейкага сьвятара або сэмінарыста, з нашай віны або зь іхняй», — кажа адказны за СМІ па Горадзенскай дыяцэзіі ксёндз Юры Марціновіч.
Па ягоных словах, позвы атрымалі ўсе выхаванцы сэмінарыі, якім ня споўнілася 27 гадоў і якія ня маюць сур’ёзных праблемаў са здароўем, а таксама адзін сьвятар, якому 27 споўніцца неўзабаве.
Агулам у горадзенскай сэмінарыі навучаюцца каля 25 клерыкаў, выкладаюць каля 50 сьвятароў.
Як паведаміў Свабодзе старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) протаярэй Сергій Лепін, у Менскай духоўнай акадэміі позвы прыйшлі 18 навучэнцам. Двое ўжо атрымалі адтэрміноўку па сямейных абставінах.
Выклікі ад ваенкамату атрымалі ня толькі студэнты ўсіх праваслаўных духоўных школ, але і маладыя сьвятары і дыяканы, якія па ўзросьце падпадаюць пад прызыў, кажа протаярэй Сергій Лепін.
«Выглядае, нібыта ўсё рэальна»
Вядома, што ў некаторых позвах пазначаная дата 28 траўня, калі прызыўнікі мусяць прыехаць у ваенкамат па месцы рэгістрацыі з рэчамі.
«На сёньня выглядае так, нібыта яны ўсе павінны ісьці ў войска. Яны атрымалі позвы, нібыта ўсё рэальна, нібыта іх накіроўваюць», — кажа ксёндз Юры Марціновіч.
Для праваслаўных клерыкаў сёлетнія позвы — таксама нечаканасьць.
Раней працавала адтэрміноўка
Як удалося высьветліць Свабодзе, у дачыненьні да каталіцкіх і праваслаўных сэмінарыстаў і сьвятароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад прызыву ў войска.
Кіраўніцтва сэмінарыяў накіроўвала сьпісы навучэнцаў у дзяржаўныя органы, і клерыкаў не прызывалі ў войска. Выключэньні здараліся, калі некага выпадкова не ўключалі ў сьпіс. Але такія недарэчнасьці хутка вырашаліся. Такія сьпісы з горадзенскай сэмінарыі даслалі яшчэ мінулым летам.
«Мы рыхтавалі сьпісы студэнтаў, якія маюць патрэбу ў адтэрміноўцы, і перадавалі іх у Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Там рыхтаваўся праект указу, які далей узгадняўся ў Адміністрацыі прэзыдэнта і нават з самім прэзыдэнтам. У гэтым годзе мы своечасова падалі сьпісы, але, нягледзячы на гэта, маем тое, што маем», — кажа Сергій Лепін.
«Раней клерыкам давалі адтэрміноўкі ад войска, пакуль яны ня скончыць вучыцца ў сэмінарыі. Калі ён ня стаў сьвятаром, не пасьпеў ажаніцца, то ішоў у войска. Былі такія выпадкі. Але каб прызывалі дзейнага сьвятара — такога не было. Толькі пры Хрушчову на пачатку 1960-х гадоў існавала падобная сытуацыя, калі ўсіх навучэнцаў Жыровіцкай сэмінарыі забралі ў войска, а сэмінарыю закрылі», — кажа Свабодзе настаяцель горадзенскага Сьвята-Пакроўскага сабору айцец Георгі Рой.
«Мы зьвярнуліся ў Міністэрства абароны па тлумачэньне, але пакуль яшчэ не атрымалі яго. Спадзяёмся, што гаворка ідзе пра нейкую тэхнічную няўзгодненасьць», — кажа протаярэй Сергій Лепін.
Вядома, што і каталіцкія ярархі зьвярнуліся ў гэтым пытаньні да Міністэрства абароны.
Частка прызваных сэмінарыстаў дагэтуль верыць, што гэта памылка і сытуацыя вырашыцца пазытыўна — маўляў, проста пройдуць мэдычную камісію, а далей працягнуць навучаньне.
«Калі няма падстаў для адтэрміновак, то выклікаюць»
У Лідзкім ваенкамаце Свабодзе адмовіліся камэнтаваць сытуацыю з прызывам маладых духоўных. У Горадзенскім адказалі, што нікога не прызывалі.
Кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў сказаў толькі, што яны «дзейнічаюць у рамках заканадаўства».
«Калі няма падстаў для адтэрміновак, то выклікаюць. І калі, як вы кажаце, некага прызываюць, то ўсё робіцца ў рамках заканадаўства», — сказаў Макараў.
АБНОЎЛЕНА 10.00 23 траўня
Па словах прэсавага сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксяндза Юрыя Санька, гэта звычайная, штатная сытуацыя.
«Можа ня так масава, але рэгулярна здараецца. У сытуацыі разьбіраемся», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Каталіцкай Царквы.