Беларусы просяць Расею вызваліць украінскага рэжысэра Сянцова шляхам абмену

Тацяна Гацура-Яворская і Зьміцер Бейнарт-Саладуха

21 траўня ў амбасаду Расеі ў Менску перадалі зварот з подпісамі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў абарону ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які тыдзень таму абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў расейскай турме.

Пад зваротам паўтары сотні подпісаў, у тым ліку рэжысэраў, актораў, літаратараў і журналістаў.

Подпісы пад зваротам

Акцыю салідарнасьці ў сеціве ініцыявала Тацяна Гацура-Яворская, арганізатарка фэстывалю дакумэнтальных фільмаў аб правах чалавека Watch Docs Belarus.

Сёньня разам з рэжысэрам Зьмітром Бейнарт-Саладухам яна перадала пэтыцыю з подпісамі ў расейскую амбасаду.

Заява, перададзеная ў амбасаду

У заяве на імя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыя Зоркіна і генпракурора Юрыя Чайкі гучыць просьба абмяняць Алега Сянцова на арыштаваных ва Ўкраіне расейскіх грамадзян, як нядаўна прапанавалі прадстаўнікі афіцыйнага Кіева на перамовах пра Данбас у Менску.

«Просім вас у адпаведнасьці з вашымі паўнамоцтвамі і службовымі абавязкамі тэрмінова вярнуцца да перамоваў пра абмен „усіх на ўсіх“ у рамках менскіх пагадненьняў. Мы, незалежныя арганізацыі і творчыя калегі Алега Сянцова, лічым такі абмен найлепшай дэманстрацыяй імкненьня абодвух бакоў да спыненьня канфлікту, а таксама асуджаем перасьлед як украінскіх, так і расейскіх грамадзянаў за іх палітычныя перакананьні», — гаворыцца ў звароце.

Украінскі вязень сумленьня ў расейскай турме

11 траўня 2014 году Фэдэральная служба бясьпекі Расеі затрымала грамадзяніна Ўкраіны Алега Сянцова, яму інкрымінавалі датычнасьць да тэрарызму. Пры гэтым Сянцову адмоўлена ў прызнаньні яго ўкраінскага грамадзянства. Па выніках судовых разглядаў ён асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі строгага рэжыму. Тыдзень таму рэжысэр абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваленьня ўкраінскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.

Алег Сянцоў

Міністэрства замежных спраў Украіны афіцыйна лічыць палітычнымі вязьнямі расейскага рэжыму 64 арыштаваных у Расеі ўкраінскіх грамадзян.

Большасьць зь іх — крымскія татары, асуджаныя праз абвінавачаньне ва ўдзеле ў арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», якую Расея прызнала тэрарыстычнай і забараніла.

У абарону Алега Сянцова выказваюцца палітычныя і творчыя дзеячы па ўсім сьвеце. Міжнародная супольнасьць прызнала палітвязьнямі яго і іншых грамадзянаў Украіны, якія адбываюць пакараньне ў Расеі.

Галівудзкі актор Джоні Дэп выказаў салідарнасьць з Алегам Сянцовым

У рамках так званых менскіх пагадненьняў неаднаразова агучвалася магчымасьць абмену асуджаных украінскіх грамадзянаў на 23 расейцаў, арыштаваных падчас антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе.

Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку 14 траўня. Пра гэта ён паведаміў у запісцы, якую перадаў праз адваката Дзьмітрыя Дынзэ. Адзіная ўмова яе спыненьня — вызваленьне ўсіх украінскіх палітзьняволеных, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі.

У канцы тэксту Сянцоў прыпісаў па-ўкраінску: «Разам і да канца. Слава Ўкраіне!». Паводле адваката, у лісьце гаворыцца пра лёс 64 украінцаў, уласнага вызваленьня вязень не патрабуе.