Законапраект пра бел-чырвона-белы сьцяг для Канапацкай напісаў нядаўні студэнт. Яна не прызнае гэтага

Нядаўні выпускнік юрыдычнага факультэту БДУ заявіў, што законапраект аб бел-чырвона-белым сьцягу, які прэзэнтавала каманда дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, быў напісаны ім. Сама дэпутатка і яе каманда гэтага не прызнаюць. Радыё Свабода паглядзела, хто зь іх мае рацыю.

Леташні выпускнік юрфаку БДУ, які заявіў пра сваё аўтарства законапраекту аб бел-чырвона-белым сьцягу, вядомы ў беларускай тэлеграм-супольнасьці як Lach Ness. Ён вядзе ананімныя твітэр-акаўнт і тэлеграм-канал «Дунем, Марцінкевіч». Яго сапраўднае імя Радыё Свабода вядома. Хлопец кажа, што да публічнасьці пакуль не гатовы.​

Сьцісла:

  • Законапраект Канапацкай адрозьніваецца ад законапраекту Lach Ness, па сутнасьці, толькі артыкулам пра неабходнасьць надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
  • Канапацкая кажа, што працавала над законам яшчэ ў лютым, Lach Ness жа даслаў свае прапановы 29 сакавіка.
  • Раней кампаніямі за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці займаліся «Арт Сядзіба», «Гавары праўду» і «Малады Фронт»​.

Напісаў праект закону за некалькі гадзін

«Закон пра статус нацыянальнага сьцяга памочнік дэпутата Канапацкай абяцаў распрацаваць і ўнесьці яшчэ прыкладна год таму», — піша ў сваім тэлеграм-канале Lach Ness. Не пабачыўшы выкананьня абяцаньняў, хлопец даслаў у тэлеграм-чат дэпутаткі тэкст свайго законапраекту.

Хлопец у 2017 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў канстытуцыйнае права і дзейнасьць органаў дзяржкіраваньня.

Мэта-дадзеныя файла, які 29 сакавіка Lach Ness даслаў у тэлеграм-чат Канапацкай

Ён кажа, што напісаў дакумэнт за некалькі гадзін, абапіраючыся ў асноўным на дзеючы Закон аб дзяржаўных сымбалях і дакумэнты 1991 году. 29 сакавіка ён даслаў яго ў тэлеграм-чат дэпутаткі.

«Я ведаю, што ў тэлеграм-чат даслалі законапраект. Але я рыхтавала законапраект, яшчэ ў лютым. Усё, што зрабіў ён, было нашмат пазьней», — сказала Свабодзе Ганна Канапацкая.

Скрыншот з тэлеграм-каналу Ганны Канапацкай

Выява ў вялікім памеры

Да каманды Ганны Канапацкай Lach Ness прэтэнзій ня мае. Кажа, што падараваў гэты і яшчэ два дакумэнты: зьмены ў закон аб барацьбе з карупцыяй і ў рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў. Хлопец спадзяецца, што дэпутатка Канапацкая агучыць у Палаце прадстаўнікоў і гэтыя праекты.

Памочнік Канапацкай Дзяніс Ціханенка пракамэнтаваў заяву Lach Ness наконт аўтарства законапраекту наступным чынам:

Прэзэнтаваны Канапацкай варыянт закону аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга адрозьніваецца ад варыянту закону «Пра гістарычны сьцяг», напісанага Lach Ness, па сутнасьці, толькі артыкулам пра абавязак Міністэрства культуры ўнесьці бел-чырвона-белы сьцяг у сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей.

Свабода папрасіла дэпутатку пракамэнтаваць гэта.

«Добра, хай гэты чалавек зьвязваецца са мною, мы разьбяром гэтую сытуацыю», — на гэтым тэлефонная сувязь з Канапацкай перарвалася. Далейшыя званкі дэпутатка скідала.

У Менску прэзэнтавалі законапраект аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга. Фотарэпартаж

Што параўноўвала Радыё Свабода?

  1. Законапраект «Аб выкарыстаньні і ахове першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь». Тэкст дакумэнту 11 траўня перадаў Свабодзе Віталь Рымашэўскі. Менавіта гэты тэкст на прэзэнтацыі 14 траўня зачытала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. 11 і 17 траўня Кавалькова пацьвердзіла Свабодзе, што працавала менавіта над гэтым дакумэнтам.
  2. Законапраект «Аб Гістарычным сьцягу Рэспублікі Беларусь». Файл з гэтым дакумэнтам даслаў Lach Ness у тэлеграм-чат Ганны Канапацкай 29 сакавіка. Паводле мэта-дадзеных, файл быў створаны 10 кастрычніка 2017 году, апошні раз дакумэнт рэдагавалі 29 сакавіка сёлета.

Выява ў вялікім памеры

Як паведамляў Белсат, на прэзэнтацыі законапраекту Ганна Канапацкая прызналася, што тэкст быў напісаны па-расейску, а перакладаў яго на беларускую журналіст «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук. Як сказаў Свабодзе Зьміцер Лукашук, гэта быў чарнавы варыянт, які пазьней выпраўляла і дапаўняла Вольга Кавалькова.

Выява ў вялікім памеры

«Ня ведаю пра тэлеграм-чат. Назва законапраекту і яго канчатковы выгляд — гэта мая праца. Я ня ведаю, хто і што каму перадаваў. Адзінае, што магу пракамэнтаваць: першы варыянт, які я бачыла, быў на 90% копіяй дзейнага закону аб дзяржаўных сымбалях», — сказала Свабодзе Вольга Кавалькова.

Lach Ness не хавае, што за аснову быў узяты менавіта дзейны закон аб дзяржаўных сымбалях. Свабода пераслала Кавальковай варыянт закону Lach Ness, але тая сказала, што дагэтуль яго ня бачыла, а першы дакумэнт называўся «Аб унясеньні ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей».

Артыкулы 2 і 3 у варыянце, напісаным Lach Ness, у варыянце каманды Канапацкай памянялі месцамі.

Выява ў вялікім памеры

Законапраект аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга Ганна Канапацкая прэзэнтавала 14 траўня. Паводле сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, закон будзе накіраваны ў Палату прадстаўнікоў пасьля 21 траўня.

Выява ў вялікім памеры

Паводле артыкула 99 Канстытуцыі Беларусі і закону «Аб парадку рэалізацыі права дзяржаўнай ініцыятывы» грамадзяне маюць права ўносіць у Палату прадстаўнікоў праекты законаў. 28 сакавіка Канапацкая запрасіла ўсіх ахвочых прапаноўваць новыя законы або рыхтаваць праекты зьменаў ва ўжо існуючыя акты праз Google Docs.