Леанід Небагацікаў, якога вінавацяць па ч.4 арт.328-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, не адмаўляе, што наркотык знаходзіўся ў ягоным аўтамабілі, але заявіў у судзе, што ня ведае, якім чынам ён туды трапіў.
Наркотыкі выявілі пасьля сканаваньня аўта
Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, аўтамабіль «Лексус» 2015 году вытворчасьці з расейскімі нумарамі, на якім грамадзянін Расеі Леанід Небагацікаў (нарадзіўся ў Новасыбірску ў 1961 г.) у кастрычніку 2017 году з Польшчы ўязджаў у Беларусь, выклікаў падазрэньне ў мытнай службы і быў накіравана на паглыблены надгляд.
Падчас сканаваньня «Лексуса» былі выяўленыя нехарактэрныя цёмныя плямы на днішчы аўта і ў багажніку пад запасным колам. Пазьней супрацоўнік мытнай службы выявіў схованку. Там былі брыкеты, запакаваныя ў цырату.
Падчас далейшага агляду «Лексуса» супрацоўнікі, якія вялі надгляд машыны, дасталі са схованкі 2901 брыкет агульнай вагой звыш 285 кіляграмаў. Экспэртыза ўстанавіла, што ў брыкетах знаходзілася наркатычнае рэчыва — гашыш.
У інтэрнэце гашыш у Расеі прапануецца па цэнах каля 3–4 тысячы расейскіх рублёў (48–64 даляра) за 5 грамаў. Цана такой масы наркотыка на чорным рынку — каля трох мільёнаў даляраў.
Гаспадар «Лексуса» быў спакойны, — мытнікі
Сьведкі з мытнай службы, якія праводзілі надгляд аўта Небагацікава, на пытаньне пракурора — як паводзіў сябе гаспадар «Лексуса», калі была выяўленая схованка, канстатавалі, што ён быў спакойны, як звычайны чалавек, і не праяўляў ніякіх эмоцый.
Дзейнічала міжнародная групоўка, — пракурор
Пракурор, які ў судзе зачытваў абвінавачаньне Небагацікаву, канстатаваў: у ходзе сьледзтва было выяўлена, што той належаў да міжнароднай трансьмежнай злачыннай групоўкі, якая дзейнічала на тэрыторыі Расеі і краін Эўразьвязу. Сярод краін Эўразьвязу найчасьцей называлася Гішпанія.
Пракурор намаляваў схему, паводле якой злачынная групоўка ў складзе грамадзян Расеі і Эўразьвязу дастаўляла наркотыкі з краін ЭЗ у РФ.
Паводле яго, дзеля гэтага праз інтэрнэт наймалі кур’ераў, такіх як Небагацікаў. На імя кур’ера куплялі машыну, неабходныя сродкі сувязі, ён забясьпечваўся дастатковай сумай грошай для паездкі з Расеі ў краіны Эўразьвязу.
Бескантактная схема
Набытае для кур’ера аўта ён забіраў па прызначаным адрасе ў Расеі. У машыне быў усталяваны GPS-навігатар з канкрэтным адрасам у эўрапейскім горадзе. Прыбываючы туды, кур’ер паведамляў сваім гаспадарам праз тэлефон альбо інтэрнэт, што дабраўся да месца прызначэньня. Затым пакідаў аўта ў прызначаным месцы.
За нейкі час у схованкі, якія былі адмыслова зробленыя ў аўта, закладваліся наркотыкі. Людзі, якія гэта рабілі, мелі запасныя ключы ад машыны. Потым кур’еру паведамлялі, што ён можа вяртацца назад у Расею. У навігацыйны прыбор быў закладзены адрас, куды ён павінен даехаць і зноў жа ў канкрэтным месцы пакінуць аўта, каб з машыны маглі выняць дастаўлены тавар.
Такая схема, паводле пракурора, не дазволіла ў ходзе сьледзтва ўстанавіць асобы іншых удзельнікаў міжнароднай злачыннай групоўкі.
За 4 гады Небагацікаў езьдзіў у Эўразьвяз 15 разоў
Тым часам пракурор абвясьціў, што заробак кур’ера за падобную паездку складаў 2 мільёны 708 тысяч расейскіх рублёў і ня менш як 5 тысяч эўра.
З вуснаў пракурора таксама прагучала, што Леанід Небагацікаў у пэрыяд з восені 2014 па кастрычнік 2017 году каля 15 разоў наведваў Эўразьвяз.
Паводле ч.4 арт.328-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, згодна зь якім Небагацікаву выстаўленыя абвінавачваньні, яму пагражае тэрмін ад 10 да 20 год зьняволеньня.
Небагацікаў, у сваю чаргу, не адмаўляў, што ў ягонай машыне падчас надгляду мытнай службай былі наркотыкі, але якім чынам яны туды трапілі, ён ня ведае.