17 траўня Палата прадстаўнікоў правядзе чарговае пленарнае пасяджэньне. Як стала вядома Свабодзе, у папярэднім парадку дня няма ні абмеркаваньня зьменаў у 328 артыкул Крымінальнага кодэксу, які ў народзе ўжо празвалі «наркатычным», ні зьменаў да закону аб СМІ.
У профільных камісіях Палаты Свабодзе сказалі, што зьмены да Крымінальнага кодэксу паступілі з ураду літаральна некалькі дзён таму, і патрэбны час для іх вывучэньня. А што тычыцца зьменаў да мэдыйнага закону, то працоўная група, якая ім займаецца, шмат дыскутуе, і таму там таксама не пасьпеюць падрыхтаваць неабходныя дакумэнты.
Аднак тое, што ўчора прапанавалі дэпутатам для разгляду на 17 траўня, можа быць і дапоўнена нечым новым. Таму канчатковы парадак дня стане вядомы пасьля 10-й гадзіны раніцы ў чацьвер.
У папярэднім парадку дня — дзевяць пытаньняў
Так, у першым чытаньні плянуецца разгледзець законапраект «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях рэгуляваньня жыльлёвых дачыненьняў». У другім чытаньні абмяркуюць зьмены да закону «Аб абароне правоў спажыўцоў» і зьмены да Паветранага кодэксу. Акрамя таго, дэпутаты зьбіраюцца ратыфікаваць шэраг міжнародных дамоваў — з такімі краінамі, як Грузія, Мазамбік, Намібія.
Авальная заля закрытая для ўсіх
Традыцыйна дэпутаты беларускага парлямэнту, незалежна ад таго, як ён называўся — Вярхоўны Савет БССР, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ці Палата прадстаўнікоў, — праводзяць свае паседжаньні ў так званай Авальнай залі Дому ўраду. Але цяпер яна зачыненая на рамонт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, рамонт можа скончыцца альбо да 1 студзеня 2019 году, альбо да 2 красавіка 2019 году, калі пачынаецца веснавая сэсія Палаты прадстаўнікоў.