У Беларусі будуць выкарыстоўваць бесьпілётныя лятальныя апараты (дроны) для дастаўкі пошты.
Пра гэта паведаміў міністар сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў сёньня на адкрыцьці II Беларускага саміту інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (ІКТ), які праходзіць у рамках XXV Міжнароднага форуму па ІКТ «ТІБО 2018», піша БЕЛТА.
«Актыўна будуць разьвівацца сыстэмы на базе дронаў. У Казахстане ўжо каля 100 дронаў дастаўляюць пошту. Гэта вельмі цікавы праект. Разбурэньне мосту над Прыпяцьцю ўскладніла дастаўку паштовых адпраўленьняў. Будзем кропкава, пры дастаўцы ў крытычныя месцы выкарыстоўваць такую паслугу», — сказаў Папкоў.
Міністар нагадаў, што да канца 2020 году будзе завершана тэхналягічная мадэрнізацыя паслуг «Белпошты». У першую чаргу гэта тычыцца інтэрнэт-гандлю, лягістыкі, мадэрнізацыі розных тэхналягічных сетак.
У красавіку 2018 году паспрабавала даставіць першую пасылку бесьпілётнікам «Пошта Расеі», але апарат урэзаўся ў дом і разьбіўся амаль адразу пасьля ўзьлёту.
У верасьні 2017 году Беларусі легалізавалі бесьпілётнікі для фізычных асобаў. Цяпер каб законна запускаць дрон, трэба далучыцца да Беларускай фэдэрацыі бесьпілётнай авіяцыі, зрабіць маркіроўку і не парушаць зоны, абмежаваныя для палётаў. Забароненыя для дронаў зоны зьявіліся ў Беларусі ў верасьні 2016 году, былі пашыраныя ў кастрычніку 2017 году.
У 2018 годзе Міністэрства абароны Беларусі пры падтрымцы «зацікаўленых дзяржаўных органаў» ініцыявала прыняцьце заканадаўчага акту, які дазволіць зьбіваць дроны ў забароненых зонах. Таксама ў Палаце прадстаўнікоў разглядаецца законапраект, які прадугледжвае правядзеньне абавязковай сэртыфікацыі бесьпілётнікаў масай больш за 7 кіляграмаў.