Чаканьне як катаваньне. Памяці Ўльляны Захаранкі, маці экс-міністра ўнутраных спраў

Ульляна Захаранка, архіўнае фота

У мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне 14 траўня перастала біцца сэрца Ульляны Рыгораўны Захаранкі, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Юрыя Захаранкі. Пляменьніца Люба, якая даглядала Ўльляну Рыгораўну, паведаміла, што пакінула цётку літаральна на гадзіну, каб самой атрымаць мэдычную дапамогу ў шпіталі. Вярнулася, а Ўльляна Рыгораўна ўжо ня дыхала. Ад 6 лютага Захаранцы ішоў 95-ы год.

«Яна ў апошні час не ўставала і нікога не пазнавала, нават мяне, — кажа Любоў Міхайлаўна. — Клікала толькі: «Юра, Юра». Неяк раней сына Валодзю звала — ён быў падводнікам, памёр у Менску падчас апэрацыі. А гэта ўсё шаптала, колькі было сілаў: «Юра, Юра».

19 гадоў плюс 7 дзён

Ульляна Захараўна чакала сына Юрыя 19 гадоў і 7 дзён, ды так і не дачакалася.

Генэрал Захаранка, наколькі вядома, не пагаджаўся выконваць неканстытуцыйныя загады вышэйшага кіраўніцтва. У 1995 годзе ён быў зьняты з пасады міністра ўнутраных спраў, паніжаны ў званьні, абвінавачаны ў нямэтавым расходаваньні сродкаў.

Акцыя памяці Юрыя Захаранкі. 2013 год

Захаранка ня стаў сабе выпрошваць пасаду ў калгасе, уступіў у шэрагі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ачоліў нефармальную грамадзкую арганізацыю «Саюз афіцэраў Беларусі», выступаў рэзкай крытыкай улады, якая гатовая «ўсіх пахаваць».

Юры Захаранка: міліцыянт, які адмовіўся стаць катам

7 траўня 1999 году ён вяртаўся ўвечары ў Менску з гаража дахаты — і зьнік. Выкралі невядомыя.

Незадоўга да гэтага мы гутарылі зь Юрыем Захаранкам праз тэлефон. У той год ладзіліся альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Захаранка быў у камандзе Міхаіла Чыгіра. Езьдзіў на старэнькіх «жыгулях». Апэратыўнікі меркавалі, што экс-міністар возіць у аўтамашыне перадвыбарчыя ўлёткі ды плякаты. Абвясьцілі машыну ў вышук — пад выглядам пошуку «мэрсэдэса» Лукашэнкі.

Захаранка патэлефанаваў аднаму гомельскаму палкоўніку, былому свайму вучню, і прысарамаціў яго: «Ты ж захоўвай закон, Канстытуцыю. Рана ці позна ацэнка будзе давацца ўсяму гэтаму маразму». Званок скарысталі, каб вінаваціць апазыцыйнага генэрала ў недазволеным умяшаньні ў справы міліцыі.

Акцыя салідарнасьці са зьніклым Юрыем Захаранкам. 2002 год

«Пасьвілі» генэрала былыя падначаленыя, у тым ліку і супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі. Апошняя акалічнасьць надзвычай засмучала Захаранку, бо працы ў дарожных інспэктараў хапае, як ён казаў, і безь цікаваньня за былым міністрам.

Палтава — Кёльн — Васілевічы

Недзе ўвосень 2000-га, калі стала зразумела, што выкраданьне экс-міністра не было выпадковым, паехалі з купкай дэмакратычна настроенай моладзі ў Васілевічы адведаць Ульляну Рыгораўну. Хлопцы падрамантавалі невысокі штыкетнік, што засьцерагаў у двары кветнік, накалолі кучу дроў.

Ульляна Рыгораўна зьдзівіла сваёй нетаропкай разважлівасьцю і вытрымкай. Зыходзілі яны, бадай, ад перажытага. Ёй не было яшчэ й васямнаццаці, калі фашысцкія акупанты разам зь іншымі ўкраінкамі выгналі яе з роднай Палтаўшчыны на працу ў Нямеччыну. Трапіла Ўльляна ажно ў Кёльн.

Ульляна Захаранка, 2013 год

Калі скончылася вайна і выгнаньнікаў сталі гуртаваць на зборных пунктах перад адпраўкай на радзіму, Ульяна й сустрэла ў Нямеччыне беларуса Мікалая Захаранку, такога ж выгнаньніка, як і сама.

Жыцьцё навучыла Ўльляну чакаць. На пачатку была нейкая заканамерная справядлівасьць у яе чаканьні. Чакала, калі скончыцца вайна. Чакала, пакуль адслужыць службу Мікалай, забраны ў войска проста зь Нямеччыны. Чакала, калі вернецца з тэрміновай службы на флёце Юрый. Чакала, калі разьвяжацца з флётам і прыстане да роднага берага другі сын, падводнік Уладзімер.

Але лёс ня быў літасьцівым. Заўчасна спачыў муж, памёр на апэрацыйным стале сын Уладзімер. Прапаў бязь вестак Юрый.

«Эскадроны сьмерці»

Па першым часе Ульляна Рыгораўна спадзявалася, што вось-вось стане вядома, куды падзеўся Юры. Не іголка ж! Разважала, што й Лукашэнка мусіць нешта сказаць ёй, няшчаснай маці, якая выплакала ўсе сьлёзы. Разважала проста, як дыхала: няхай было ў іх з сынам нейкае непаразуменьне, але ж людзі павінны людзьмі й заставацца. І абавязкі мець перад тым, каго паклікаў да сябе.

Чаканьне Ўльляны Рыгораўны было доўгім, пакутлівым і балючым. І, мусіць, каб неяк суняць свой мацярынскі боль, яна аднойчы ўголас разважала, нібы супакойваючы сябе:

Ульляна Захаранка ў шпіталі вэтэранаў вайны. 7 траўня 2010 году

«Можа, яшчэ аб’явіцца, можа, ён дзе жывы. Я не магу ўжо перанесьці. І аднаго сына няма, і другога — і я адна-аднюткая ў доме. Перажываю, перажываю. Як падумаю — куды яны яго дзелі? Можа, дзе й жывы — дзе ў якую іншую дзяржаву заперлі? Іх Гасподзь пакарае!»

Спачатку пракуратура, міліцыя, а цяпер і наваствораны Сьледчы камітэт слалі й слалі маці адпіскі. Іх у яе набралася ўжо больш за паўсотні. Паведамляюць, што расьсьледаваньне справы № 110352 па факце зьнікненьня сына працягнута. Сёлета ў красавіку зноў працягнулі — да 24 чэрвеня.

І так цэлых 19 гадоў — з тых дзевяноста чатырох, што пражыла на белым сьвеце Ўльяна Захаранка. Гады, аднак, яснасьці не дадавалі. Толькі з выступаў ды артыкулаў былых супрацоўнікаў МУС, якія пакінулі межы Беларусі, прасачыліся жахлівыя падрабязнасьці: у краіне існавалі «расстрэльныя каманды», гэткія «эскадроны сьмерці», якія «зачышчалі» і палітычных канкурэнтаў.

«Сэрцу ня вытрымаць»

Ульляна Захаранка з партрэтам сына. 2009 год

Грамадзкія актывісты зь Беларускага дакумэнтальнага цэнтру і «Прававой дапамогі насельніцтву» дапамагалі Ўльляне Рыгораўне зьвяртацца з заявамі ў адпаведныя органы, каб прызналі сына памерлым, а яе, маці, пацярпелай. Аднак суды адмаўляліся гэта зрабіць, нягледзячы на заявы самой Ульляны Рыгораўны і жонкі Юрыя Вольгі.

«Хвалююся, начамі ня сплю. Плачу. Адзін сын служыў у падводніках на атамнай лодцы — памёр без пары. І другога праз год забралі. Хіба ж можна майму сэрцу гэта вытрымаць?», — ня стрымлівала сьлёз Ульяна Рыгораўна ў адну зь апошніх сустрэч.

Да гора дадаліся стэнакардыя, сардэчныя прыступы. Стаў часьцяком падаць крывяны ціск. Раз — і абваліўся.

Радавалася Ўльляна Рыгораўна, калі ёй тэлефанавалі нявестка Вольга, унучкі Алена і Юля. Пасьля зьнікненьня Юрыя яго сям’я дзеля бясьпекі зьехала ў Нямеччыну ды там і засталася. Ва ўнучак ёсьць ужо свае дзеці — Кірыл і Дзяніс, унукі Юрыя Захаранкі і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі. Бабуля так іх хацела пабачыць, але пакуль ні дочкі, ні жонка сына прыехаць на радзіму нават у госьці не адважваюцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.