Эўракамісія дала Беларусі 14,5 млн эўра на разьвіцьцё прадпрымальніцтва

© Shutterstock

На сайце Pravo.by апублікавалі (PDF) пагадненьне між Эўракамісіяй і ўрадам Беларусі аб атрыманьні Беларусьсю 14,5 млн эўра зь бюджэту Эўразьвязу на падтрымку прадпрымальніцтва і эканамічнага разьвіцьця краіны. Пагадненьне набыло сілу больш як месяц таму.

Практычная рэалізацыя пагадненьня мае заняць 60 месяцаў (5 гадоў), яшчэ 24 месяцы (2 гады) адводзіцца на завяршальны этап. Асноўная мэта праграмы — разьвіцьцё гандлёвых стасункаў, сярод важных мэтаў называюцца разьвіцьцё дзяржаўнага кіраваньня і гендэрная рознасьць.

«Беларусь паступова вычэрпвае патэнцыял дзяржаўна-арыентаванай мадэлі росту, — пішуць у рэзюмэ праграмы. — Разьвіцьцё прыватнага сэктару, прыватнай ініцыятывы, малых і сярэдніх прадпрыемстваў разглядаецца ў якасьці ключавога фактару далейшага росту і павышэньня канкурэнтаздольнасьці і прадукцыйнасьці эканомікі. Прагрэс у кірунку стварэньня эканомікі роўных магчымасьцяў і мадэрнізацыі можа быць забясьпечаны шляхам дывэрсыфікацыі, а таксама стварэньня спрыяльных умоваў для разьвіцьця прыватнага сэктару эканомікі».

У праграме абяцаюць заняцца шэрагам праблемаў малога і сярэдняга бізнэсу: скараціць адміністрацыйныя выдаткі вядзеньня бізнэсу, палепшыць бізнэс-клімат і якасьць бізнэс-паслуг, палепшыць дзяржаўную палітыку ў галіне канкурэнцыі і гандлю, садзейнічаць правядзеньню рэформаў і рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

2016: Жаданьне, памножанае на грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў: як перакінуць пэрсанальны MOST у Эўропу