Хваласьпеў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова на адрас Сталіна выклікаў ува многіх справядлівае абурэньне. «Вялікая Перамога абумоўленая эфэктыўнай сыстэмаю дзяржаўнага кіраваньня і роляй асобы ў гісторыі — асобы вярхоўнага галоўнакамандуючага,» — сказаў міністар.
Мала «лініі Сталіна», мала партрэтаў Сталіна на розных маніфэстацыях, дык вось яшчэ і афіцыйная асоба не абышлася на сьвята без згадкі аднаго з самых вялікіх у гісторыі людажэраў. Нават у позьнія савецкія часы, пасьля ХХ зʼезду КПСС, так казаць было не прынята, лічылася непрыстойным.
Што азначае гэтая заява? Беларусь зьбіраюцца вярнуць у сталінскія часы, вярнуць Курапаты і Гулаг?
Мяркую, што не. А што тады?
Палітыка. І толькі яна.
Можа і далёкая аналёгія, але на мой погляд трапная. Гляджу фота зь сёньняшняга сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Маскве. Побач з расейскмі прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным — прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу. На пінжаку госьця, як і на пінжаку гаспадара — георгіеўская стужка. Дарэчы, побач — сэрбскі прэзыдэнт Аляксандар Вучыч. Бяз стужкі.
Для габрэяў, для ізраіліцянаў перамога ў Другой сусьветнай мае асаблівае значэньне. Але ці толькі ў гэтым справа? Хіба ў лідэраў Ізраілю традыцыя езьдзіць 9 траўня на сьвяткаваньне ў Маскву? Не, няма такой традыцыі. Менавіта Нэтаньягу бываў у Расеі шмат разоў, летась двойчы, сёлета — раз у студзені. Але на Дзень Перамогі — ні разу.
Так што прыехаў не таму, што прынята. Ну і стужка. Мяркую, што для кіраўніка ізраільскага ўраду не было сакрэтам, як успрымаецца гэты сымбаль на постсавецкай прасторы, як успрымаецца, скажам, ва Ўкраіне. Калі спадар Нэтаньягу сам быў ня ў курсе, мяркую, што ў МЗС Ізраіля хапае дасьведчаных адмыслоўцаў. Такія жэсты на такім высокім узроўні, (ці іх адсутнасьць, як у выпадку сэрбскага прэзыдэнта), ніколі не бываюць выпадковымі.
Паехаў (хаця мог і ня ехаць) таму што палічыў патрэбным, прычапіў стужку (ведаючы амбівалентнае стаўленьне да яе), таму што падлічыў перавагі і страты ад таго, каб зрабіць менавіта так.
А якая патрэба? А наўпроставая. Сытуацыя на Блізкім Усходзе і раней патыхала вайной, Ізраіль рэгулярна атакуе пазыцыі іранскіх пратэжэ ў Сырыі. Што там будзе пасьля рашэньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выйсьці з ядзернага пагадненьня зь Іранам, ня ведае наагул ніхто. Мудрае было тое рашэньне ці не, пра гэта можна спрачацца, але тое, што яно абвастрыць сытуацыю, не выклікае сумневаў.
І не выключаная эскаляцыя ізраільскіх удараў у Сырыі, дзе, між іншым, стаяць расейскія супрацьпаветраныя сыстэмы. Менш імавернае, але імавернасьць ня нуль, і наўпроставае ваеннае сутыкненьне паміж Ізраілем і Іранам. Апошні, варта нагадаць, калі не фармальны саюзьнік, то прынамсі партнэр Расеі ў рэгіёне.
І што ў гэтай сытуацыі робіць прэмʼер Ізраілю? Займаецца палітыкай. Справа ў нюансах, у акцэнтах. Не пладзіць ворагаў, а расколваць сувязі ворагаў зь іх сябрамі, дамагацца хоць частковага нэўтралітэту гэтых сяброў. Нэтаньягу можа і гатовы ваяваць зь Іранам, але дакладна не гатовы — з Расеяй. Але і расейцам іранцы — не браты родныя. Гэта і ёсьць поле, прастора дыпляматыі.
А ў ёй маюць значэньне знакі, жэсты, сымбалі. Некага раздражняе тон і падтэкст расейскага сьвяткаваньня, а Ізраіль — не, Ізраіль выказвае павагу Маскве, Ізраіль — не такі. Для ўкраінцаў георгіеўская стужка — знак агрэсіі? Дык а Нетаньягу для выжываньня яго краіны патрэбная ўгода ня з Кіевам, а з Масквой. Таму і стужка на пінжаку.
Ну а зараз вернемся да Раўкова. Стасункі Беларусі з Расеяй няпростыя. Лукашэнка напярэдадні сустрэчы на найвышэйшым узроўні прыгадаў цэлы стос двухбаковых праблемаў, названых «сарамоцьцем».
Праблемы ёсьць ня толькі ў гаспадарчай сфэры, але і ў ідэалягічнай. Дзіўная сытуацыя зь нібыта забаронай, а потым дазволам шэсьця «Несьмяротны полк», празрысты намёк Лукашэнкі на спробы некага "прыватызаваць Перамогу", сьведчаць пра тое, што і ў сэнсе гістарычнай палітыкі, палітыкі ідэнтычнасьці сытуацыя, мякка кажучы, не бясхмарная.
І тут у прастору сымбаляў выкідаецца козыр. Як тое было з расейскім сьцягам, які разгарнуў на параалімпіядзе ў Рыё беларускі спартовы чыноўнік, як сыны Лукашэнкі прыйшлі ў расейскую амбасаду пасьля трагедыі ў Кемераве. Ну дык і ў тым жа рэчышчы — Сталін у вуснах Раўкова.
Прычым, нават хітрэй, чым у Нэтаньягу. Георгіеўская стужка ў Расеі — афіцыйны сымбаль. Сталін — не. Але хто ў іх там самы самы вялікі, герой усіх часоў і народаў? Ён. Вось Пуцін жа ці Шайгу не рашацца на хваласьпеў «самаму вялікаму і мудраму», а лукашэнкаўскі чыноўнік — рашыцца. Бачыце, таварышчы, беларусы нават больш рускія, чым вы. Беларусь — як рускі народ.
Але дазавана, каб не дражніць. Не Лукашэнка ж тое сказаў, міністар, вайсковы чалавек, можа проста шчыры такі. І дзіцячая магія — ня Сталін, а вярхоўны галоўнакамандуючы. Лорд Валдэморт, імя якога нельга называць.
Але сыгнал — мы свае, мы з вамі, мы адной крыві.
Ці дапаможа Нэтаньягу візыт у Маскву на сьвяткаваньне і георгіеўская стужка дамовіцца з Пуціным? Ці дапаможа Лукашэнку прасталінскі дэмарш ягонага міністра абароны схіліць Маскву на больш спрыяльныя ўмовы? Гарантыяў тут няма. Можа так, можа не.
Але крокі, жэсты падобныя. І маюць насамрэч мала дачыненьня як да памяці пра Другую сусьветную, гэтак і да Сталіна. Расейскае грамадзтва такое, з такімі ўяўленьнямі і каштоўнасьцямі, тамтэйшае кіраўніцтва вось такое, з патэнцыйнай чуйнасьцю да такіх, а не якіх іншых жэстаў і рухаў цела.
Перафразуючы ангельскую прымаўку only business, nothing personal, толькі палітыка — нічога асабістага.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.