«Уваччу ўжо цёмна». У Пухавіцкім раёне і Каленкавічах працягваюць галадоўку 11 актывістак руху «Маці 328»

Удзельніцы галадоўкі ў Каленкавічах 29 красавіка 2018 году

На 12-ы дзень пратэсту актывістак руху «Маці 328» 4 жанчыны галадаюць у Пухавіцкім раёне.

«Мы саступаць не зьбіраемся, ва ўсякім разе пакуль няма адказу ад Качанавай і пакуль ня будзе каму перадаць эстафэту галадоўкі», — заявіла Свабодзе Алена Кузьміна, на ўчастку якой у вёсцы Востраў праводзяць пратэставую галадоўку актывісткі руху «Маці 328».

Што важна ведаць:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка зь іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
  • Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

8 траўня, на 12-ы дзень галадоўкі, у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну застаюцца 4 галадоўніцы, яшчэ 6 галадаюць на кватэры ў Каленкавічах. Не спыніла пратэсту і 11-я яе ўдзельніца, лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар, якая 7 траўня мусіла зьехаць з Вострава ў Горадню.

«Ларыса паехала, каб суправаджаць у дарозе Натальлю Старавойт з Горадні, якой стала зусім дрэнна: яна тут ужо страчвала прытомнасьць, і лекары параілі ёй як хутчэй спыніцца. Але Ларыса працягвае галадоўку, хоць ёй таксама вельмі цяжка, як усім нам», — паведаміла Алена Кузьміна.

«У асноўным ляжым»

Удзельніцы галадоўкі ў вёсцы Востраў у першы дзень галадоўкі

​Пра стан здароўя галадоўніц на 12-ы дзень акцыі Алена расказала на сваім уласным прыкладзе.

«Часам уваччу становіцца цёмна. Слабасьць такая, што ўжо і цяжка хадзіць. Пераважна ляжым, нават на сонца стараемся не выходзіць, бо гэта стамляе. Бавім час тым, што глядзім у тэлефоны, гутарым, абмяркоўваем нашы праблемы».

Дыстрафія органаў і спыненьне мэнструацыі. Чым небясьпечная галадоўка для жанчын

Алена кажа, што да галадоўніц штодня прыяжджаюць лекары, аглядаюць, чытаюць лекцыі пра тое, як шкодна галадаць, заклікаюць спыніцца.

«Але мы ім тлумачым, што ў нас няма іншага выйсьця, бо за дзяцей змагаемся. Магчыма, нас падтрымаюць жанчыны ў Горадні, вось тады зможам спыніцца. Цяпер высьвятляем, ці магчыма зрабіць кароткі перапынак у галадоўцы, а потым аднавіць яе. Не выключаем такога варыянту», — сказала Алена Кузьміна.

Паводле галадоўніц, чыноўнікі з адміністрацыі Пухавіцкага раёну да іх так і не зьявіліся, пакуль няма і адказу ад кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай, зь якой актывісткі руху «Маці 328» з Каленкавіч сустракаліся 2 траўня. Тады Натальля Качанава абяцала ім давесьці зьвесткі пра галадоўку да кіраўніка краіны і як мага хутчэй даць ім адказ.

Ціск і ўмяшаньне ў правасудзьдзе. Лукашэнка адказаў галадоўніцам з руху «Маці 328»

«Сьнілася каўбаска ў гарчычным соўсе», — галадоўніца з Каленкавіч

Гаспадыня кватэры Алена Казакова, дзе праходзіць пратэставая галадоўка ў Каленкавічах, кажа, што яна сама і ўсе астатнія жанчыны таксама пакутуюць ад слабасьці.

Алена Казакова (у цэнтры), 29 красавіка 2018 году

Аднак трымаюцца, чакаюць адказу ад кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай. Яна абяцала на сустрэчы 2 траўня актывізаваць узгадненьне законапраекту, які зьмяшчае зьмены і дапаўненьні ў антынаркатычнае заканадаўства, і паінфармаваць аб гэтым галадоўніц.

«Цікавіліся на пошце — ніякага адказу для нас няма. Наведваў нас і старшыня райсавету Віктар Замосьцік — у яго таксама ніякай інфармацыі пра гэта, хоць ён быў пасярэднікам у арганізацыі нашай сустрэчы з Натальляй Качанавай», — кажа Казакова.

Казакова паведаміла, што днямі да іх заехаў з Гомля Ўладзімер Клімкоў з сынам, прывёз лімоны і слоік мёду, каб жанчыны дадавалі ў ваду.

Яшчэ адна галадоўніца, Ліяна Шуба, ураньні кожнага дня яшчэ да прыезду «хуткай» мерае ўсім жанчынам ціск. Вызначае таксама пры патрэбе, маючы партатыўны глюкомэтар, узровень цукру ў крыві.

«Мы чакаем адказу ад Качанавай, але ж нашы сілы таксама не бясконцыя. І ў нас ёсьць адказнасьць — на працы, перад сваімі роднымі. У мяне маці плача кожны дзень, пытаецца, калі бацька можа забраць мяне з Каленкавіч дадому. Цётка тэлефануе зь Менску — яна ня можа нармальна паесьці, ведаючы, што я галадаю», — апавядала Ліяна.

Жанчына паведаміла, што ўжо дні тры ёй цяжка засяродзіцца, галава нібы пустая, складана думку «злавіць». Нічога ня хочацца. На пусты страўнік цяжка заснуць: сьнілася нават каўбаска ў гарчычным соўсе.

***

Галадоўка актывістак руху «Маці 328» пачалася 27 красавіка, у розныя дні ў ёй бралі ўдзел да 14 чалавек. Галадоўка праходзіць у Пухавіцкім раёне і Каленкавічах, на 4 дні да яе далучалася актывістка Натальля Шарыпа ў Віцебску. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, стварэньня камісіі для вывучэньня крымінальных спраў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў і лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паведамілі, што распрацавалі прапановы для лібэралізацыі артыкулу 328, але гэтыя прапановы дагэтуль ня ўхваленыя некаторымі ведамствамі.