Аляксандар Лукашэнка заявіў аб недапушчальнасьці паслабленьня адказнасьці распаўсюднікаў наркотыкаў, але дапусьціў магчымасьць пэўных паслабленьняў да спажыўцоў.
«У вачах ужо цёмна». У Пухавіцкім раёне і Каленкавічах працягваюць галадоўку 11 актывістак руху «Маці 328»
Пра гэта па выніках сустрэчы з Лукашэнкам расказаў журналістам старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, паведамяе БЕЛТА.
«Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслабленьня ў дачыненьні збытчыкаў і распаўсюднікаў наркотыкаў быць ніякага ня можа. У дачыненьні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленьні і паблажкі, — сказаў старшыня Вярхоўнага суду. — А што да той формы, якая сёньня выбраная групай маці, дык гэта недапушчальна, гэта ціск і ўмяшаньне ў правасудзьдзе. І гэта ня той спосаб, які павінен быць у нас».
Адказваючы на пытаньне пра плянаванае абмеркаваньне ў парлямэнце зьменаў у Антынаркатычнае заканадаўства, Валянцін Сукала сказаў:
«Гаворка ішла менавіта пра гэта. Каб у тым праекце, які будзе, прадугледзець нейкія магчымыя паблажкі толькі ў дачыненьні спажыўцоў».
Старшыня Вярхоўнага суду адзначыў, што існуе законны парадак разгляду і вырашэньня пытаньняў кожнай канкрэтнай скарзе. Пры гэтым ён канстатаваў, што толькі шасьцёра з маці асуджаных за наркотыкі, якія абвясьцілі галадоўку, зьвярнуліся ў Вярхоўны суд.
«Прычым дзьве атрымалі, як мне здаецца, задавальненьне па скаргах. Пакараньне было зьніжанае», — сказаў старшыня Вярхоўнага суду.
Актывісткі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, а таксама перагляду спраў сваякоў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, галадаюць 12-ы дзень.
Your browser doesn’t support HTML5
Што важна ведаць:
- 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка зь іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
- Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
- Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.