Каля дзесяці гадоў таму з прычыны праблемаў са здароўем адна зь першых беларускіх фэміністак Людміла Пеціна кардынальна зьмяніла сваё жыцьцё.
Цяпер яна ў халодны зiмовы пэрыяд жыве ў Індыі, а па вясьне вяртаецца ў Беларусь. У 68 годоў Людміла займаецца ёгай, падарожнічае па сьвеце з заплечнікам і па-ранейшаму глядзіць на сьвет праз ракурс гендэрнай роўнасьці. Гэтая размова адбылася пасьля трохмесячнага падарожжа Людмілы Пецінай у Паўднёвую Амэрыку.
«Арганізаваць трохмесячнае падарожжа па Паўднёвай Амэрыцы лёгка, калі валодаеце інтэрнэтам і калі ёсьць прынамсі адна мова — ангельская»
— Людміла, вы толькі вярнуліся з трохмесячнага падарожжа па Лацінскай Амэрыцы. Сябры ў Фэйсбуку са студзеня па красавік рэгулярна бачылі вашыя фатаздымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам у розных гарадах Бразыліі, Аргентыны і Пэру. Як удалося адной ажыцьцявіць такое падарожжа?
— Для мяне гэта было нескладана. Падарожжы — гэта мая стыхія i нават сфэра дзейнасьці. У мінулым я — прафэсійная экскурсаводка, кiраўнiца і ўласьніца адной зь першых прыватных турыстычных фiрмаў у Беларусi «Сусьвет-тур». Гэтая фірма працавала каля шасьці гадоў, акрамя арганiзацыi экскурсiй i падарожжаў мы адкрылі беларускамоўныя курсы экскурсаводаў. А цяпер я партнэрка міжнароднага круізнага клюбу «In Cruises», які мае шмат бонусных праграмаў. Гэта таксама прыемная i невялікая праца для мяне.
І гэтыя два круізы — у Бразылію і потым назад у Эўропу — былі для мяне амаль бясплатнымі. Я ня надта рыхтавалася да падарожжа, усё рабіла на месцы.
Памiж круiзамi я падарожнічала амаль тры месяцы па Бразыліі, Аргентыне i Пэру. Праехала амаль усю ўсходнюю частку Бразыліі ўздоўж Атлянтычнага акіяну, пазнаёмілася з гарадамі Сан-Салвадор (першая сталіца), Рэсыфi, Iльеўс, Масэё на поўначы Бразылii. Гэта былi круізныя стаянкі. Ад Рыю-дзі-Жанэйру я пачала свае наземнае падарожжа. Амаль тыдзень была ў Рыю, потым былі Сан-Паўлу, Курытыба (сталіца Параны, тут я жыла ў сваёй бразыльскай сяброўкі), наведала знакаміты вадаспад Iґуасу, знаёмства з прыгожым курортным штатам Санта-Катарына, дзе мы сустракалі Новы год.
У Аргентыне я таксама правяла амаль месяц. Быў незабыўны тыдзень у Буэнас-Айрэсе, я наведала горад Кордава, падарожнічала па аргентынскіх Андах, спынялася ў горадзе Мэндоса — цэнтры вінаградарства. Потым была Пэру. Знаёмства пачалося зь Лiмы, шматмільённай сталіцы, а далей было працяглае падарожжа па краіне з прыпынкамі ў найцікавейшых месцах, такіх як запаведнік Паракас i астравы Бальлестас, сапраўдны аазіс Уакачына, белакаменны горад Арэкiпа, высакагорны горад Пуна на беразе возера Тытыкака. I, вядома, непаўторная сталіца iнкаў— горад Куска. А мая зьдейсьненная мара і наймацнейшыя ўражаньнi былi ад Мачу-Пiкчу i Вале Саграда (Сьвятая далiна iнкаў).
Насамрэч арганізаваць падарожжа даволі лёгка. Калі вы валодаеце інтэрнэтам, калі ў вас ёсьць хаця б адна мова — ангельская, то, прыехаўшы ў любую краіну Пауднёвай Амэрыкi, вы заўсёды можаце атрымаць інфармацыю, зьвярнуцца ў спэцыяльныя турыстычныя цэнтры. Там вам заўсёды дадуць карту і інфармацыю бясплатна. Падарожнічаць самастойна па Бразыліi, Пэру і Аргентыне для мяне было проста і абсалютна ня страшна.
«Турысту, асабліва жанчыне, трэба быць пільнай нават у Заходняй Эўропе. Больш за 80% рабаваньняў і нападаў прыпадаюць на жанчын»
— Якія прыгоды вам давялося перажыць у падарожжы? Ведаю, што ў вас скралі мабільны тэлефон. Увогуле гэты рэгіён бясьпечным для турыстаў не назавеш...
Уся індустрыя моды для жанчын бузуецца на тым, каб зрабіць жанчыну прывабнай, а не на тым, каб зрабіць яе жыцьцё больш бясьпечным і зручным.
— Краіны, якія я наведала, ня больш крымінальныя, чым усе астатнія. Я шмат падарожнічаю, наведала за жыцьцё больш за 70 краінаў. Але, турысту, асабліва жанчыне, трэба быць пільнай нават у Заходняй Эўропе. У падарожжы больш інтэнсіўнае жыцьцё, у гарадах ты штодзень знаходзісься ў шматлюдных месцах. Турыста лёгка вылічыць, і турыст ёсьць ахвярай у нейкім сэнсе. Я не была вельмі пільнай, не трымалася за свой заплечнік, за свае прылады, я была вельмі расслабленая. І скрадзены мабільнік ня вельмі паўплываў на маё цудоўныя ўражаньні ад Паўднёвай Амэрыкi, ад яе дружалюбных i гасьцінных людзей.
Аднак, на мой погляд, тэма «жаночай бясьпекі» у падарожжах заслугоўвае асобнай увагі, бо больш за 80% рабаваньняў i нападаў прыпадаюць на жанчын. У жанчын больш лёгкае адзеньне, няма глыбокіх кішэняў, якія ёсьць у мужчын, жаночую торбачку лёгка выхапіць i г. д. Уся індустрыя моды для жанчын бузуецца на тым, каб зрабіць жанчыну прывабнай, а не на тым, каб зрабіць яе жыцьцё больш бясьпечным і зручным. Гэтую праблему, трэба ўздымаць і, можа, мяняць кірункі моды для жанчын дзеля яе бясьпекі.
Жанчыны — і паліцыянткі, і прэзыдэнткі
— Як фэміністку што вас найбольш уразіла, зьдзівіла ў паўднёваамэрыканскіх краінах?
— Найбольш уразіла палітычная актыўнасьць i публічнасьць, жанчын. Я назірала шмат страйкаў, дэманстрацыяў, мітынгаў на якіх было вельмі шмат жанчын, і яны выступалі як сьпікеры. Па тэлевізару бачыла шмат жанчын-прамоўцаў — палітыкаў i кiраўнiц. У Беларусі жанчын ва ўладзе, мы няшмат бачым па тэлебачаньні. А ўва ўсіх краінах Лацінскай Амэрыкі, якія я наведала, ёсьць публічнае палітычнае жыцьцё, ёсьць сапраўдная палітыка, і жанчыны ў гэтым прымаюць вельмі актыўны ўдзел. Мы ведаем, што жанчыны былі прэзыдэнткамі i ў Аргентыне (Марыя Эстэля Мартынэс дэ Пэрон i Крыстына Кiршнэр ), i ў Бразылii (Дзiлма Русэф).
Другое ўражаньне — вельмі шмат жанчын-паліцыянтак, якія працуюць на вуліцы. У нас жанчыны ў міліцыі — кабінэтныя работнікі, а там жанчыны патрулююць вуліцы нароўні з мужчынамі. Яны маюць спэцыяльнае адзеньне, носяць зброю. У грамадзтве вельмі шмат дыскусіяў наконт гвалту над жанчынамі. У Аргентыне паўстала і пытаньне аб рэпрадукцыйных правах. Як я пабачыла, праблемы ў розных краінах сьвету аднолькавыя: гвалт, рэпрадукцыйныя правы, сэксізм, стэрэатыпы, недастатковая колькасьць жанчын у прыняцьці рашэньняў. Тыя праблемы, якія мы ў Беларусі ўздымаем, абмяркоўваюцца і там.
«У Індыі жыць значна таньней, чым у Беларусі. Сродкаў вялікіх ня трэба, толькі на дарогу»
— Людміла, вы адна зь першых беларускіх фэміністак, але вашае імя ня так часта гучыць апошнія гады. Чаму?
— Тут дзьве галоўныя прычыны — перасьлед уладаў у 2005–2008 гадах, які моцна паўплываў i зьменшыў магчымасьці нашай арганізацыі «Жаночы незалежны дэмакратычны рух», i праблемы са здароўем. Пасьля працяглага и моцнага стрэсу, вярнулася бранхіяльная астма, на якую я хварэла ў дзяцінстве.
Дзеля падтрыманьня здароўя апошнія 10 гадоў я жыву ў зімовы пэрыяд (4-5 месяцаў) у Індыі. Памятаю зь дзяцінства, што мне заўсёды было добра ў цёплым клімаце. Я паехала ў Індыю ўпершыню ў 2008 годзе. Індыя — недарагая краіна, там жыць значна таньней, чым у Беларусі. Сродкаў вялікіх ня трэба, значныя выдаткі толькі на дарогу.
— Што зьмянілася ў вашым жыцьці, калі вы сталі жыць у Індыі?
— Індыя вярнула мне ня толькі фізычнае здароўе, але і радасьць жыцьця. Але тое, што доўгі час мяне няма ў Беларусі, адбівацца на актыўнасьці ў грамадзкім жыцьці. Безумоўна, па вяртаньні ў Беларусь — звычайна ў красавіку ці пачатку траўня — я заўсёды ўключаюся ў грамадзка-палітычнае жыцьцё. Трэба сказаць, што i за гэтыя 10 гадоў, зрабілі ня так мала.
«Я шмат плаваю, люблю хадзіць уздоўж акіяну, займаюся ёгай, шмат чытаю i падарожнічаю»
— На якой мове вы кантактуеце зь людзьмі ў Індыі?
— У Індыі я размаўляю па-ангельску. У мяне ангельская мова цяпер даволі добрая. Я яе вывучыла за апошнія 20 гадоў. У школе, унівэрсытэце вучыла нямецкую мову. Мне было гадоў 40, калі я стала вучыць ангельскую мову. Бо цяпер працаваць без ангельскай мовы немагчыма, мы маем вельмі шмат кантактаў з рознымі арганізацыямі розных краінаў сьвету. І ангельская — мова камунікацыі. Нават з польскімі і літоўскімі калегамі часам мы размаўляем па-ангельску. Зараз я магу выступаць па-ангельску і для мяне гэта ўжо даўно не праблема.
Для мяне жыцьцё ў Індыі вялікая радасьць і прыемнасьць. Нават калі я была ў Паўднёвай Амэрыцы, сумавала па Індыі, па цёпламу акіяну. Там я шмат плаваю, люблю хадзіць уздоўж акіяну, і гэта вельмі станоўча ўплывае на маё здароўе. Таксама займаюся ёгай, шмат чытаю, падарожнічаю па Індыi i па суседніх Нэпале i Шры Ланцы. Першыя гады ў мяне было шмат праектаў i я брала з сабой работу. Я імкнулася ўсе мерапрыемствы рабіць, калі я ў Беларусі, а аналітычную, арганізацыйную, падрыхтоўчую працу — у Індыі. Цяпер можна працаваць на адлегласьці i праз інтэрнэт.
Я маю тут сваё кола сяброў, гэта і брытанцы, i мясцовыя жыхары, і расейскамоўныя, якія прыяжджаюць у Індыю дзеля ёгі i духоўных практык. Мне гэта таксама цікава, гэта зьмяніла маю сутнасьць, паўплывала на ўзаемаадносіны з блізкімі людзьмі і з калегамі. Я стала больш працаваць над сабой, бачыць розныя свае заганы.
— Вы кажаце пра ёгу. Наколькі вы ў ёй дасканалыя?
— Я стала займацца ёгай, калі мне было пад 60 гадоў. Цяпер мне ўжо 68. Я не магу рабіць усяго таго, што змагла б у маладым узросьце. Але ўсё ж ёга вельмі станоўча ўплывае на здароўе. І я займаюся практыкаваньнямі, карыснымі менавіта мне, гэта больш ёгатэрапія. Я выбрала тое, што мне пасуе, і раблю кожны дзень: і калі ў Беларусі жыву, і калі падарожнічаю, і калі жыву ў Індыі.
— Як вы, фэміністка, ацэньваеце гендэрную сытуацыю ў Індыі?
Краіны трэцяга сьвету, як мы іх называем, больш разьвітыя ў палітычным і ў эканамічным жыцьці, чым наша Беларусь.
— Канешне, Індыя вельмі традыцыйная, патрыярхальная краiна, але тут шмат станоўчых зьмен для жанчын на рынку працы, доступе да адукацыі, удзелу ў палітычным жыцьці. У Індыі даволі моцны жаночы рух, шмат жаночых арганізацыяў нават у сельскай мясцовасьці. Так напрыклад, у Керале на адлегласьці 3-4 кілямэтраў у рыбацкіх вёсках я налічыла шыльды з 4-ма назвамі жаночых арганізацыяў. Гэта сьведчыць, што тут грамадзтва мае структуру. Ня так даўно ў Індыі адбылося прыкрае здарэньне: згвалтавалі дзяўчыну. Паднялася практычна ўся Індыя. Пра гэта гаварылі, былі прынятыя захады, гвалтаўнікоў судзілі. Калі я вярталася ў Беларусь з Індыі, мне казалі: «Ой, гэта такая небясьпечная краіна, там жанчын гвалтуюць». Я адказвала, што там пра гэта гавораць i прымаюць рашэньні пад уплывам грамадзтва Індыі.
Калi параўноўваць палітычныя сыстэмы, то там зьмяняецца ўлада, выбары свабодныя i рэальныя. Палітычнае і грамадзкае жыцьцё больш насычанае, чым у Беларусі. Краіны трэцяга сьвету, як мы іх называем, больш разьвітыя ў палітычным і ў эканамічным жыцьці, чым наша Беларусь. На жаль. Там заўсёды існаваў прыватны бізнэс, яго значна прасьцей весьці ў Індыі і Лацінскай Амэрыцы.
«Вялікай эвалюцыі жаночага руху ў Беларусі не адбылося»
— А як вы ўвогуле ацэньваеце эвалюцыю беларускага жаночага руху?
— Вялікай эвалюцыі не адбылося. Але, безумоўна, ёсьць якасныя зрухі. Умовы для дзейнасьці жаночых арганізацыяў, як і ўвогуле грамадзкіх арганізацыяў, не палепшыліся. Напачатку 2000-х было больш жаночых арганізацыяў, асабліва ў рэгіёнах. Многія зь iх зьніклі ці прыпынілі дзейнасьць. На гэта ёсьць шмат прычын — складаныя ўмовы для ўстойлівага разьвіцьця НДА, пастаянны недахоп рэсурсаў, «выгараньне» лідэраў i г. д.
Нашыя экспэрткi з грамадзкіх жаночых арганізацыяў вельмі дасьведчаныя, бо маюць амаль 20-гадовы досьвед.
З другога боку, жаночыя НДА сталi больш прафэсiйнымi, больш сканцэнтраванымі на канкрэтных пытаньнях, набылі досьвед сумеснай кааліцыйнай працы (Нацыянальная гендэрная плятформа, сетка процідзеяньня гвалту, Правацэнтрысцкi жаночы форум).
Пра гендэрную роўнасьць сталі гаварыць ва ўсім сьвеце ня так даўно. Гэтаму тэрміну ня больш за 30-40 гадоў. За гэты невялікі ў гістарычным пляне пэрыяд у іншых краінах зроблена нашмат больш, чым у Беларусі. Хаця сёньня i нашыя экспэрткi з грамадзкіх жаночых арганізацыяў вельмі дасьведчаныя, бо маюць амаль 20-гадовы досьвед.
Калі казаць пра сапраўдныя зьмены для дасягненьня роўнасьці, то іх, на жаль, не адбылося. Дагэтуль не прынятыя гендэрныя законы, хаця спробы былі і 20 гадоў таму. У 2001 годзе закон аб гвалце стаяў у рабочым пляне парлямэнту. Цяпер 2018 год, ён ізноў у рабочым пляне парлямэнту. Мы маем надзею, што ён будзе прыняты, але я думаю, што ў яго будзе вельмі шмат праціўнікаў, асабліва сярод мужчынскага дэпутацкага корпусу.
— Як вы лічыце, ці патрэбныя жаночыя партыі?
— На маю думку, стварэньне новай, цi адраджэньне былой жаночай партыi, для Беларусi складана, улічваючы ўмовы для дзейнасьці палітычных партыяў i тое, што жаночыя праблемы для грамадзтва ня ёсьць актуальнымі.
«Аўтарытарная ўлада заўсёды патрыярхальная»
— Найбольш патрыярхальныя заявы кшталту «жанчына мусіць варыць боршч», «у нас няма гендэрнай няроўнасьці», «у нас няма сэксуальных дамаганьняў», «найперш сям’я» робяць жанчыны пры ўладзе — такія, як Ермакова, Ярмошына, якія ўсім сваім жыцьцёвым шляхам акурат паказваюць зусім іншы прыклад. Чаму такая супярэчнасьць?
— Аўтарытарная ўлада заўсёды патрыярхальная. Яна на гэтым трымаецца, гэта ідэалёгія ўлады, яна фармуе ў грамадзтва сындром неабходнасьці «моцнай рукі» i «бацькавай апекі». Таму ўва ўладных структурах мы бачым жанчын, якія прымаюць i падзяляюць такую ідэалёгію. Гэта для iх, як «уваходны білет» ва ўладу.
— З вашага гледзішча, якія асноўныя стэрэатыпы маюць беларусы наконт фэмінізму і гендэрных пытаньняў і як іх разбураць?
— Найбольш распаўсюджаныя стэрэатыпы:
- адсутнасьць дыскрымiнацыi,
- мужчынскае вяршэнства i перавага, асабліва ў сфэры кiраўнiцтва,
- гендэрныя ролi у сям’i,
- нэгатыўнае стаўленьне да фэмінізму як пагрозы сямейным стасункам.
Як гэта пераадолець? Найперш, прыняцьцем закону аб гендэрнай роўнасьцi «Аб роўных магчымасьцях жанчын i мужчын», якi ужо даўно падрыхтаваны нашай арганізацыяй, а таксама, гендэрнай асьветай і фармаваньнем новай гендэрнай культуры.