Анархісты ў Берасьці перакрылі трасу М1. Пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу

Акцыя ў Берасьці. Скрыншот зь відэа.

«Не заводу АКБ» — такой расьцяжкай невядомыя ў чорным адзеньні і масках перакрылі некалькі палос руху на трасе М1. Відэа акцыі зьявілася 5 траўня на youtube-канале незарэгістраванага руху «Рэвалюцыйнае дзеяньне», які, меркавана, адмініструюць анархісцкія суполкі.

Падчас акцыі выкарыстоўваліся дымавыя шашкі.

Доступ да вэб-рэсурсу «Рэвалюцыйнае дзеяньне» раней быў заблякаваны ў Беларусі па рашэньні Міінстэрства інфармацыі РБ.

Берасьцейцы ўжо некалькі месяцаў пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага завода пад Берасьцем. 29 красавіка на акцыю пратэсту выйшлі 2000 чалавек.

Будаваць завод ў канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.