Апэратар Сяргей Глушцоў 25 сакавіка здымаў відэа для «Белсату». Празь месяц пасьля зьнікненьня свайго дрона ён атрымаў з Цэнтральнага РУУС ліст з тлумачэньнямі.
Празь дзень пасьля канцэрту да 100-годзьдзя незалежнасьці БНР арганізатары паведамілі, што 25 сакавіка над пляцоўкай каля Опэрнага тэатру зьнікла каля дзясятка дронаў, якія здымалі відэа для незалежных СМІ і прыватных асобаў. Яшчэ празь некаторы час высьветлілася, што зьніклі два бесьпілётнікі, якія працавалі для «Белсату» і TUT. BY. Яшчэ некалькі дронаў мелі праблемы з кіраваньнем, у тым ліку бесьпілётнік, гісторыю якога распавядала Свабода.
Your browser doesn’t support HTML5
«Сказалі, што шукаць мой дрон — «бяз шансаў»
Сяргей Глушцоў 25 сакавіка ля Опэрнага працаваў па дамоўленасьці з прадстаўнікамі тэлеканалу «Белсат». Падрыхтаваў свой дрон «Фантом 4», якім дагэтуль прафэсійна здымаў відэа каля 2 гадоў. Сяргей быў перакананы, што праблем ня будзе. Перадаў арганізатарам канцэрту зьвесткі пра свой бесьпілётнік, свае пашпартныя зьвесткі. Запусьціў дрон і страціў зь ім сувязь. Пасьля чаго, як сумленны грамадзянін, пайшоў у міліцыю пісаць заяву.
«Спачатку яны сказалі, што шукаць мой дрон „бяз шансаў“. Альбо са мной зьвяжуцца тыя, хто яго скраў, альбо... Маўляў, нават ня варта пісаць заяву аб зьнікненьні, бо гэта бессэнсоўна, — расказвае Сяргей Глушцоў пра свой першы паход у Цэнтральны РУУС. — Бо ў міліцыі няма паўнамоцтваў для таго, каб займацца расьсьледаваньнем дзеяньняў тых людзей, якія працавалі там. Гэта было першае, што мне сказалі».
Сяргей расказвае, што па паводзінах міліцыянтаў было зразумела — яны ведаюць, дзе трэба шукаць зьніклую тэхніку. Але зь нейкіх прычын ня хочуць гэтага рабіць.
«Я ўсё ж пакінуў заяву з просьбай знайсьці мой дрон, — дадае апэратар. — Напісаў, што ён зьляцеў не празь дзеяньні трэціх асобаў, а проста вось так я сам памыліўся. Маўляў, прашу міліцыю аблазіць усе кусты і знайсьці яго. Вось такая была просьба».
Уладальнік зьніклага дрона чакаў навінаў ад міліцыі цэлы тыдзень, аднак ніякіх паведамленьняў з Цэнтральнага РУУС не было. Глушцоў вырашыў наведаць міліцыянтаў яшчэ раз, каб распытаць пра лёс заявы асабіста.
«Праз тыдзень я вярнуўся ў дзяжурную частку высьветліць, што і як. А яны не змаглі знайсьці маю заяву, — кажа апэратар. — І нават сьледчага, якому я ўсё расказваў і тлумачыў, ня могуць знайсьці. Далі мне дзьве гадзіны падумаць. Я пайшоў, прагуляўся. Дадаў да новай заявы фатаздымкі хлопцаў, якія сядзелі на даху. Новая заява ўжо была аб крадзяжы. Дачакаўся, пакуль яе зарэгіструюць і назавуць нумар, толькі тады сышоў».
Глушцоў кажа, што ў другой заяве мэтанакіравана пісаў пра крадзеж. З апісаньнем мэтаду, якім гэта было зроблена. Апэратар кажа, што валодаў сваёй тэхнікай на прафэсійным узроўні, мог бы яе вярнуць нават у выпадку страты сувязі, таму што займаўся здымкамі ў падвальных памяшканьнях і ведае, што рабіць, калі сувязь паміж бесьпілётнікам і пультам кіраваньня зьнікае.
27 красавіка, празь месяц пасьля зьнікненьня дронаў над Опэрным тэатрам, Сяргею Глушцову даслалі афіцыйны ліст з Цэнтральнага РУУС. Там гаворыцца, што «праведзенымі мерапрыемствамі высьветліць месцазнаходжаньне маёмасьці не прадставілася магчымым», а «ўказаныя магчымыя спосабы зьнікненьня маёмасьці не знайшлі пацьвярджэньня».
«Вярнуць мой дрон — значыць прызнаць незаконнасьць сваіх дзеяньняў»
«Прычын вяртаць мне дрон няма ніякіх, — перакананы ўладальнік зьніклага бесьпілётніка. — Таму што калі зараз мне яго вернуць, то прыйдзецца тлумачыць, дзе ён быў. Ніхто не паверыць, што дрон проста знайшлі ў кустах. А калі Мінабароны надумае вярнуць, то будзе шмат пытаньняў. Чаму яго ў мяне забралі? Я не залятаў на тэрыторыю Генштаба, зона над Опэрным адкрытая для палётаў. Калі я нават нешта і парушыў, то дрон трэба было пасадзіць, скласьці на мяне пратакол, выпісаць штраф і адпусьціць. Таму вярнуць зараз мне дрон — гэта значыць прызнаць незаконнасьць сваіх дзеяньняў».
Глушцоў кажа, што больш ніякіх дзеяньняў, каб шукаць сваю тэхніку, прадпрымаць ня будзе. Маўляў, трэба зарабляць сабе на жыцьцё, у тым ліку на новы дрон. Стары каштаваў на момант куплі каля 1500 даляраў.
Апэратар кажа, што цяпер спрабуе даведацца, што ж ён такое парушыў на самой справе і чым заслужыў зьнікненьне бесьпілётніка.
«Зьвяртаўся ў Мінабароны, у аддзел, які займаецца бесьпілётнай авіяцыяй, — кажа Сяргей Глушцоў. — Там нічога ня ведаюць. У Мінтрансе ўвогуле ўсе палажэньні старыя. Даведаўся, што каб атрымаць у Мінабароны дазвол на аэрафотаздымкі, трэба ім прадставіць нумар паветранага судна. А для гэтага ў Мінтрансе мне трэба прайсьці такую ж працэдуру, як для пасажырскага „Боінга“. А гэта абсурд, немагчыма. Выходзіць, што я ніяк не магу атрымаць дазвол на аэрафотаздымку легальна... (У той жа час правілы, якія рэгулююць палёты дронаў над тэрыторыяй Беларусі, існуюць. — РС). Атрымліваецца, што ўсе дроны адрываюцца ад зямлі на свой страх і сваю рызыку. Не спадабаецца нешта некаму — і ўсё, зьляціць ваш дрон».
Згодна з часткай 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, «таемнае выкраданьне маёмасьці (крадзеж), караецца грамадзкімі працамі, або штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін». Менавіта пад яго падпадаюць дзеяньні асобаў, якія маглі спрычыніцца да «зьнікненьня» дронаў 25 сакавіка ля Опэрнага тэатру.