Нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч падпісала сваю кнігу «У вайны не жаночае аблічча» астравецкаму асьветніку і былому мытніку Алесю Юркойцю, якога без аб’ектыўных доказаў віны асудзілі на 7 гадоў турмы за хабар.
Свабода падрабязна асьвятляла гэты працэс.
Юркойцеў суд. Занелюбіў яго раённы кадэбіст
«Дарагі Алесь, сілы і веры вам у сябе і будучыню», — напісала Сьвятлана Алексіевіч.
Здымак аўтографа зьмясьціў у «Фэйсбуку» літаратуразнавец Сяргей Шапран.
У верасьні 2017 году краязнаўца Алесь Юркойць быў пакараны 7 гадамі пазбаўленьня волі ў справе ашмянскіх мытнікаў, якіх абвінавацілі ў стварэньні арганізаванай злачыннай групы.
Your browser doesn’t support HTML5
Краязнаўца Алесь Юркойць асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай КДБ, супрацоўнікі Ашмянскай мытні прапускалі празь мяжу зь Літвой тавары без належнага афармленьня, за што атрымлівалі сумы ад 250 да 3000 даляраў. Падчас ператрусаў дома ў мытнікаў было знойдзена больш за 2,2 мільёна даляраў наяўнымі. Заяўлялася, што колькасьць абвінавачаных дасягнула амаль 60 чалавек.
У лістападзе 2016 году пачаліся суды, мытнікаў судзілі групамі, працэсы ішлі адначасова ў чатырох розных месцах. На судах фігуранты справы ў асноўным прызнаваліся, што бралі хабар за пропуск грузавых аўтамабіляў без надгляду. Юркойць усе абвінавачаньні пасьлядоўна адмаўляў.