Ксёндз Кшыштаф Пасьвята служыць у мястэчку Гатава пад Менскам, дзе будуе новы касцёл. Але cкончыць распачатую будоўлю не пасьпее — да 30 красавіка ён павінен выехаць зь Беларусі, паведамляе catholic.by.
За апошні год ён тройчы перавысіў хуткасьць на дарозе, што прывяло да адмовы ў падаўжэньні дазволу на служэньне.
Згодна з Пастановай аб прабываньні замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прынятай у Беларусі ў 2008 годзе, два і больш адміністратыўныя парушэньні могуць прывесьці да адмовы ў прабываньні.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуў увагу на наступны момант:
«Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе, гаворыць, што замежнік можа не атрымаць візу, калі мае пяць і больш адміністратыўных правапарушэньняў. Гаворка ідзе пра пяціразовае парушэньне, а не двух- ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і сьвятар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных сьвятароў».
27 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасьцей Леанідам Гулякам, падчаc якой вырашалася, ці зможа кс. Пасьвята несьці далейшую працу на Беларусі.
Але рашэньне наконт высылкі сьвятара ня зьменяць.