У пятніцу раніцай прайшла першая сустрэча лідэраў Паўднёвай і Паўночнай Карэі ў рамках міжкарэйскага саміту, які павінен стаць папярэднім крокам перад сустрэчай прэзыдэнта ЗША і лідэра Паўночнай Карэі, якую плянуюць правесьці ў канцы траўня.
Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын абвясьціў пра «пачатак новай гістарычнай эпохі сьвету» пасьля абмену поціскамі рукі з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам. Сустрэча двух лідэраў праходзіць на тэрыторыі Паўднёвай Карэі ў дэмаркацыйнай лініі ў вёсцы Панмунджом.
Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідэрам, які ступіў на на зямлю Рэспублікі Карэя з моманту перамір’я ў Карэйскай вайне, якое заключылі ў 1953 годзе. Мун Чжэ Ін аддаў належнае свайму госьцю за гэта «мужнае і няпростае рашэньне». Апошні міжкарэйскі саміт адбыўся 11 гадоў таму.
Галоўнымі на парадку цяперашняга саміту зьяўляюцца пытаньні ператварэньня Карэйскага паўвострава ў бязьядзерную зону і падпісаньня мірнага пагадненьня паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі. Кім Чэн Ын у апошнія дні шмат кажа пра дэнуклеарызацыю сваёй краіны, але што канкрэтна ён мае на ўвазе пад гэтым, ня ясна.
Мун Чжэ Ін спадзяецца, што посьпех міжкарэйскага саміту закладзе аснову для прадуктыўнай сустрэчы Кім Чэн Ына і Дональда Трампа, прызначанай на канец траўня — пачатак чэрвеня.
На мінулым тыдні Паўночная Карэя абвясьціла аб прыпыненьні сваіх ракетна-ядзерных выпрабаваньняў, заявіўшы аб іх «шчасным завяршэньні».