Напачатку — пра тое, што, на мой погляд, прычынай не зьяўляецца. Не зьяўляецца досьвед армянскай рэвалюцыі, якая адбылася літаральна напярэдадні абнародаваньня пасланьня. Не зьяўляецца ані псыхалягічна, ані палітычна.
Армэнія ні пры чым
Мяняць стратэгічныя пляны з-за таго, што недзе ў далёкай краіне скінулі ўладу — гэта неяк неўласьціва палітыку, які застаецца ва ўладзе амаль чвэрць стагодзьдзя і перажыў шмат разнастайных крызісаў.
Ну памяняў Саргсян Канстытуцыю два гады таму. А цяпер яго зрынулі. І што? А Пуцін і Аліеў памянялі і кіруюць па-ранейшаму. А ўладары — ахвяры «арабскай вясны» — Канстытуцыяў не мянялі, а іх тым ня менш зрынулі. Тут няма прамой сувязі.
Армэнію Лукашэнка ў сувязі з рэфэрэндумам памінаў, але неяк недарэчна.
«Зьменаў пад канкрэтную асобу ніколі ня будзе — як гэта мы пабачылі на прыкладзе Армэніі» — сказаў Лукашэнка ў пасланьні. Памятаецца, што ў Беларусі ў 2004 годзе на рэфэрэндуме мянялі Асноўны закон менавіта пад канкрэтную асобу. І што «мы пабачылі на гэтым прыкладзе»? Тое, што пасьля гэтая асоба застаецца на той жа пасадзе 14 гадоў.
«Я ніколі ня дзейнічаў несумленна ў дачыненьні нашых людзей і ніколі на гэта не пайду. Я ведаю, адкуль я прыйшоў і як я перамог на прэзыдэнцкіх выбарах. Я абяцаў і ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала, бо будзе, як учора ў Армэніі» — яшчэ адно тлумачэньне, чаму рэфэрэндуму ня будзе.
Сказана прыгожа. Але якую клятву парушыў Сэрж Саргсян? Гаварыў, што ня пойдзе ў прэм’еры — гэта было. Абяцаў, можна сказаць. Перадумаў. Не атрымалася не пайсьці (жарт). Ну дык і Лукашэнка вось таксама абяцаў «сьвятую лічбу» сярэдняга заробку «папіцот». І як з тым абяцаньнем? А як і ў Саргсяна — зь ягоным. Саргсяну гэта каштавала дорага. Але калі б усім палітыкам за невыкананьне іх абяцаньняў было, як Саргсяну, палітычны сьвет уяўляў бы сабой суцэльную пустыню.
Ну а калі не Армэнія, то што? Напэўна тое, што размовы пра зьмены ў Канстытуцыю былі пробным шарам, тэстам на рэакцыю грамадзтва.
Хто патрабуе зьменаў Канстытуцыі?
Учора Лукашэнка як бы «адмяніў» рэфэрэндум. Але ён яго і не абвяшчаў. Але хто рабіў цьмяныя намёкі на магчымасьць канстытуцыйных зьменаў? Дык ён жа і яго падначаленыя.
— 15 сакавіка ён распавёў, што даў даручэньне Канстытуцыйнаму суду падрыхтаваць прапановы па зьменах у Канстытуцыю.
- 2 красавіка старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньні журналістаў, сказала, што зьмены выбарчага заканадаўства могуць адбыцца толькі пасьля зьменаў у Канстытуцыю.
- 6 красавіка міністар замежных справаў Уладзімер Макей ў інтэрвію Euronews заявіў пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, зьвязаўшы іх з «пытаньнямі стабільнасьці і бясьпекі».
- 10 красавіка ізноў жа Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ адзначыў, што, зь яго пункту гледжаньня, частка функцыяў павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады.
«Вы ж бачыце, хто патрабуе зьменаў. Яны ж ня будуць адказваць, якія наступствы будуць мець зьмены Канстытуцыі» — з патасам выгукнуў падчас пасланьня Лукашэнка.
Не бачым. Патрабаваньняў наагул ніхто ніякіх не выказваў. Ну акрамя самога Лукашэнкі зь яго загадам Канстытуцыйнаму суду. А намёкі рабіў ён жа, а таксама Ярмошына і Макей. Уласна іх словы публіка і абмяркоўвала і інтэрпрэтавала.
Магчыма, намёкі рабіліся ў сувязі зь і сапраўды «тэхнічнымі зьменамі», як сказаў Лукашэнка ў сваім пасланьні. Напрыклад, палітоляг Юры Чавусаў яшчэ пазалетась тлумачыў, што ў Канстытуцыі па-ранейшаму фігуруе такая пасада, як старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду, хаця гэтыя суды ўжо ліквідаваныя.
Ну з пункту гледжаньня юрыдычнай чысьціні можа і непарадак, можа і варта такую драбязу паправіць, можа менавіта такія зьмены і меў на ўвазе Лукашэнка ў сваім даручэньні КС. Але ў гэта неяк слаба верыцца.
Надта дробнае пытаньне. Нашто было тады публічна пра гэта заяўляць ня толькі Лукашэнку, але і Макею, па пасадзе далёкаму ад канстытуцыйнай будаўніцтва? Як падобная драбяза можа быць зьвязаная з «пытаньнямі стабільнасьці і бясьпекі», пра што казаў Макей Euronews?
Пробны шар
Так што думкі, хутчэй за ўсё, былі пра праекты канстытуцыйных зьменаў больш амбітных. Яны маглі быць як у самога Лукашэнкі, гэтак і толькі ў пэўных колаў у яго атачэньні. Думкі не ў фармаце рашэньня, а ў фармаце прапановаў, развагаў, варыянтаў. Штабы, як вайсковыя, гэтак і палітычныя, могуць і нават мусяць распрацоўваць самыя нечаканыя і малаімаверныя сцэнары. А сцэнар зьмены Канстытуцыі, так выглядае, у палітычным штабе Лукашэнкі не ўспрымаўся такім ужо абстрактным. Цікава падумаць, цікава высьветліць рэакцыю — грамадзтва, апарату, замежжа.
Ну дык можа Лукашэнка, Ярмошына і Макей яе і высьвятлялі сваімі намёкамі. Ня выключана, што Лукашэнка і сапраўды даў даручэньне КС падрыхтаваць зьмены кшталту скасаваньня пасады старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду. Але наборам прыгаданых заяваў ствараўся такі кантэкст, што гутарка можа ісьці пра значна больш істотныя рэчы. І глядзелі — а хто што скажа, хто што вымысьліць, хто як адрэагуе.
І заявы з пасланьня «трэба спыніць гэтае браджэньне ў грамадзтве, „валтузьню“ пра рэфэрэндум» перакладаюцца з палітычнай на звычайную мову — мы гэтае браджэньне і валтузьню ў якасьці тэсту запусьцілі, вынік нам не спадабаўся.
Магчыма, пакуль. І ранейшыя заявы, і зробленыя ў пасланьні — яны ўсё ж крыху двухсэнсоўныя. «Нам зараз не да рэфэрэндуму» — было сказана. А ў 2019-м таксама будзе не да рэфэрэндуму? А можа тады будзе як раз? А ў 2020-м? Пра гэта нічога сказана не было. Ну і паўторана было сказанае 10 красавіка — што «частку паўнамоцтваў можна перадаць іншым галінам улады». Вось так проста ўзяць і перадаць? Указам ці распараджэньнем? Па ідэі гэта ўсё ж канстытуцыйнае пытаньне.
Зьмена Канстытуцыі ня роўная рэфэрэндуму
Слушна заўважыў на гэты конт цытаваны вышэй Юры Чавусаў: насамрэч паводле Канстытуцыі рэфэрэндум — не адзіны шлях зьмены Асноўнага закону, яго можа мяняць і парлямэнт сваім рашэньнем ( гл. Канстытуцыя Беларусі, Разьдзел VIII. Дзеяньне Канстытуцыі і парадак яе зьмяненьня)
Так што заявы пра тое, што ня будзе рэфэрэндуму па Канстытуцыі, фармальна кажучы, не азначаюць, што ня будзе канстытуцыйных зьменаў. Дарэчы, артыкулы разьдзелу ІІІ Канстытуцыі пра выбарчае заканадаўства як раз могуць мяняцца як праз рэфэрэндум, гэтак і рашэньнем парлямэнту. А менавіта пра такія зьмены і казала Ярмошына.
Тады, магчыма, усё даволі проста. Плянуюцца зьмены ў разьдзел Канстытуцыі пра выбары, адпаведнае даручэньне падрыхтаваць прапановы дадзенае КС, рэфэрэндум на гэты (і на які іншы) конт улада праводзіць не зьбіраецца, а зьбіраецца правесьці зьмены праз парлямэнт.
Гэтай лягічнай вэрсіі супярэчаць хіба туман, напушчаны Лукашэнкам, Ярмошынай і Макеем, і двойчы паўтораныя словы Лукашэнкі пра пляны «частку паўнамоцтваў перадаць іншым галінам улады». Калі размова ідзе пра зьмену выбарчага разьдзелу Канстытуцыі, чаму з гэтага робіцца таямніца? Ну а што да пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў галінаў улады, то яны замацаваныя ў Разьдзеле ІV Канстытуцыі (Прэзыдэнт, парлямэнт, урад, суд), які мяняецца выключна праз рэфэрэндум.
Так што вэрсія наконт пробнага шару ўяўляецца ўсё ж больш праўдападобнай. Варыянт напэўна абмяркоўваўся. Рэакцыя не спадабалася. Магчыма, нават рэакцыя па-за межамі Беларусі. Ну а тады далі адбой. Прыплёўшы адстаўленага Саргсяна, які прыйшоўся да слова. Аднак у любым выпадку пакуль вялікай зьмене Канстытуцыі — адбой.