Маці асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распаўсюд наркотыкаў) абвясьцілі аб намеры пачаць бестэрміновую галадоўку з мэтай зьмяненьня заканадаўства па дадзеным крымінальным артыкуле.
Пра гэта актывісты руху «Матчын рух 328» 22 красавіка заявілі на прэс-канфэрэнцыі ў Жлобіне. У прэсе-канфэрэнцыі прынялі ўдзел жанчыны з Бабруйску, Гомля, Горак, Жлобіна, Мар’інай Горкі і Менску, паведамляе БелаПАН.
У галадоўцы будуць прымаць удзел 20 чалавек
У галадоўцы, якая пачнецца 27 красавіка, будуць прымаць удзел 20 чалавек. Пра месца яе правядзеньня ўдзельнікі паведамяць дадаткова.
Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі зьвярнулі ўвагу на несправядлівыя на іх думку, прысуды, неадпаведныя зьдзейсьненаму тэрміны пакараньня, незаконныя мэтады сьледзтва, правакацыі з боку міліцыі.
Яны таксама заявілі аб недасканаласьці беларускага заканадаўства, калі непаўналетнія асуджаюцца па наркатычных артыкулах на працяглыя тэрміны гэтак жа, як і дарослыя.
«Людзі, ўдумайцеся, хіба можа 14 гадовы арганізаваць і паставіць на паток наркабізнэс? Ён ахвяра. Падумайце аб тым, што чужых дзяцей не бывае», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі актывістка руху Тацяна Канеўская.
Яна дадала, што цяпер у месцах пазбаўленьня волі па наркатычных артыкулах адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня 16 тысяч чалавек.
Галадоўнікі патрабуюць асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Як заявіла на прэс-канфэрэнцыі Тацяна Канеўская, патрабаваньні сваякоў — асабістая сустрэча Аляксандрам Лукашэнкам, стварэньне камісіі па пераглядзе спраў па артыкуле 328, пачынаючы з 2013 году, а таксама дыфэрэнцыяцыя адказнасьці за нарказлачынствы.
«Мы не належым ні да якіх палітычных партыяў. Заклікаем улады не рабіць уціску на галадоўнікаў і іх сем’і», — заявіла Канеўская.
Таксама яна зьвярнулася да кіраўніка дзяржавы са словамі:
«Мы ня верым ніводнаму вашаму чыноўніку. Як сьведчаньне гэтаму — кіляграмы адпісак, якія мы атрымліваем з розных органаў улады на свае звароты. Спыніць гэта вар’яцтва можаце толькі вы...»
Актывістку руху звольнілі з працы пасьля таго, як даведаліся пра будучую галадоўку
Канеўская дадала, што папярэджвала чыноўнікаў Гомельскага гарвыканкаму, пра тое, што плянуецца галадоўка і ўжо адчула на сабе наступствы такога кроку.
«Мяне звальняюць з працы, таму што ў гарвыканкаме заявілі, што „дадзенае мерапрыемства“ (яны нават баяцца слова „галадоўка“) не адпавядае вашай працы» — распавяла актывістка, якая афіцыйна даглядае за інвалідам 1-ай групы.
Рух «Матчын рух 328» аб’ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў. Мэтай ініцыятывы зьяўляецца аказаньне матэрыяльнай і псыхалягічнай дапамогі асуджаным і іх сем’ям, а таксама іх інфармацыйная і юрыдычная падтрымка. Паводле дадзеных актывістаў, у Беларусі ў рух уваходзяць 651 чалавек.