Незалежныя прафсаюзы Ўкраіны пікетавалі беларускую амбасаду ў Кіеве. Фота, відэа

18 траўня лідэры і актывісты Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Украіны (НПГУ) і Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны (КСПУ) пікетавалі амбасаду Рэспублікі Беларусь на знак пратэсту супраць ціску на незалежныя прафсаюзы Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт Беларускага незалежнага прафсаюзу.

​Перад амбасадай выступіў лідэр незалежных прафсаюзаў Украіны Міхаіл Валынец. Ён нагадаў, што ў свой час КСПУ і НПГУ сумесна зь міжнароднай прафсаюзнай супольнасцю ўжо станавіліся на абарону беларускіх незалежных прафсаюзаў, і тады праз парушэньне працоўных і прафсаюзных правоў у дачыненьні Беларусі былі прынятыя гандлёва-эканамічныя санкцыі Эўразьвязу.

«Мы сёньня яшчэ раз выказваем салідарнасьць з нашымі прафсаюзнымі братамі і сёстрамі ў Беларусі. Мы абураныя тым, што беларускія ўлады ціснуць на незалежныя прафсаюзы і перашкаджаюць іх дзейнасьці. У той жа час мы бачым, што правы простых беларускіх працаўнікоў ушчамляюцца і яны маюць патрэбу ў сапраўднай абароне», — сказаў у сваёй прамове Валынец.

Прафсаюзныя актывісты разам зь лідэрам НПГУ і КСПУ заклікалі беларускія ўлады:

  • спыніць перасьлед незалежных прафсаюзаў у Беларусі;
  • выконваць міжнародныя абавязаньні Беларусі, у прыватнасьці нормы Канвэнцыі № 87 Міжнароднай арганізацыі працы аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы;
  • спыніць масавыя допыты шараговых сябраў прафсаюзу РЭП (на іх пабывалі ўжо больш за 400 чалавек), а таксама крымінальны перасьлед лідэраў прафсаюзу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Раней пікет правялі прафсаюзы Кіргізстану каля амбасады Беларусі ў Бішкеку.

18 красавіка ў Менску пачала працу місія прадстаўнікоў двух глябальных прафсаюзных аб'яднаньняў — Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў (МКП) і глябальнага саюзу IndustriAll.

У ліку пытаньняў, якія місія плянуе абмеркаваць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, ёсць і прымусовая праца ў Беларусі, і дыскрымінацыя арганізацый ІndustriALL, а менавіта незалежных прафсаюзаў (Беларускі незалежны прафсаюз, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), Свабодны прафсаюз мэталістаў).