Выставу, прысьвечаную 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР, закрыюць датэрмінова

Афіша выставы ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца патлумачыў Радыё Свабода, што такое рашэньне арганізатары прынялі таму, што выставу слаба наведвалі.

«Сёньня я хадзіў цэлы дзень па выставе — нікога няма».

Выстава «Код: 25.03.2018» адкрылася 4 красавіка ў менскім Палацы мастацтва. Яна працягвае цыкль сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных 100-годзьдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першапачаткова плянавалася, што выстава будзе працаваць да 15 красавіка. Замест гэтага пабачыць яе можна будзе толькі да 16-й гадзіны ў пятніцу, 13 красавіка. Паводле Рыгора Сітніцы, у суботу замест яе будзе ўжо іншая, камэрцыйная, выстава.

«Навошта вы адкладаеце ўсё на апошні дзень а потым наракаеце? — сказаў ён. — Трэба хадзіць тады, калі адчыненая і дзейная».

«Адраджэньне», аўтар Аляксей Марачкін

Інсталяцыя «1921. Чацьвёрты падзел», аўтары Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін

​На цяперашняй выставе ўвазе наведнікаў прапанавана некалькі дзясяткаў карцін, габэленаў, скульптур, тканых вырабаў. Сярод аўтараў — Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў, Мікола Назарчук, Іван Андрасюк, Аляксей Панцюк-Жукоўскі, Уладзімер Голубеў, Мікола Рыжы, Андрэй Дубінін, Сьвятлана Баранкоўская, Уладзімер Вішнеўскі, Леанід Хобатаў, Гэнік Лойка ды многія іншыя.

«Апостал. Васіль Быкаў». Аўтарскае ткацтва Сьвятланы Баранкоўскай

Дыптых «Пагоня», аўтар Уладзімер Голубеў

У сюжэтах шмат гістарычнай сымболікі, пазнавальных твараў. На лесьвічных парэнчах прымацаваныя партрэты айцоў-заснавальнікаў і грамадзкіх дзеячаў БНР. Жыцьцё бальшыні пасьля ўсталяваньня савецкай улады скончылася трагічна.

Партрэты айцоў-заснавальнікаў БНР

«Заснавальнікі БНР», аўтар Мікола Рыжы

Аляксей Панцюк-Жукоўскі з айцамі-заснавальнікамі БНР

Зянон Пазьняк работы Гэніка Лойкі

«Рыцар ВКЛ», аўтар Уладзімер Вішнеўскі

Калекцыянэр расказаў, які гістарычны пэрыяд не адлюстраваны на беларускіх марках