Азэрбайджанскі палітоляг Хікмет Гаджызадэ і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі пасьля чарговай «элегантнай перамогі» Ільхама Аліева параўноўваюць палітычную і выбарчую сыстэмы ў Азэрбайджане і Беларусі.
Азэрбайджанская апазыцыя назвала выбары фарсам
На датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах у Азэрбайджане за дзейнага кіраўніка Ільхама Аліева, паводле ЦВК краіны, прагаласавалі 86% выбарнікаў. Наступны сапернік атрымаў крыху больш за 3% галасоў.
На найвышэйшую пасаду прэтэндавалі восем кандыдатаў — усе, як адзначаюць аналітыкі, вылучэнцы праўладных партый і рухаў. Апазыцыя байкатавала кампанію, назваўшы яе «фарсам».
Для Ільхама Аліева гэта чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін, упершыню ён прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе, незадоўга перад сьмерцю свайго бацькі Гейдара — былога партыйнага лідэра савецкай рэспублікі, а пасьля і аднаго зь першых прэзыдэнтаў.
Лукашэнка павіншаваў у ліку першых
Аляксандар Лукашэнка ў ліку першых павіншаваў Ільхама Аліева з «упэўненай перамогай». На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году ён і сам паказаў блізкі вынік, агучаны ЦВК Беларусі — 83,5% галасоў электарату.
«Вынікі галасаваньня пацьвердзілі высокую салідарнасьць выбарнікаў з тым пасьлядоўным курсам, які праводзіцца дзеля будаўніцтва моцнага і квітнеючага Азэрбайджану. Перакананы, што ваша дзейнасьць на адказнай пасадзе забясьпечыць далейшае ўмацаваньне эканамічнай моцы краіны і яе міжнароднага аўтарытэту», — гаворыцца ў віншаваньні зь Менску.
Лукашэнка выказаў спадзеў на ўсебаковае разьвіцьцё сяброўскіх «беларуска-азэрбайджанскіх стасункаў».
Апярэдзіў беларускага кіраўніка толькі прэзыдэнт саюзьніцкай Турэччыны Рэджэп Эрдаган, які накіраваў тэлеграму яшчэ 11 красавіка.
Азэрбайджанскі палітоляг: сапернікі адпрацавалі ролю статыстаў
Сёлета ў лютым прэзыдэнт Аліеў выдаў адмысловы ўказ, які скарэктаваў дату прэзыдэнцкіх выбараў (спачатку яны павінны былі прайсьці ў кастрычніку). Прычыны свайго рашэньня грамадзянам ён так і не патлумачыў.
У верасьні 2016 году ў краіне адбыўся агульнанацыянальны канстытуцыйны рэфэрэндум. Сярод паправак — павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў, увядзеньне пасады віцэ-прэзыдэнта, скасаваньне ўзроставага цэнзу для ўдзелу ў выбарах.
На падставе «народнага волевыяўленьня» віцэ-прэзыдэнтам падкантрольны Аліеву парлямэнт прызначыў ягоную жонку Мехрыбан, што дало падставу назіральнікам казаць пра захоп улады кланам Аліевых. Мяркуецца, што цяпер бацькі рыхтуюць глебу для «ўзьвядзеньня на пасад» Гейдара-малодшага, якому ўжо 21 год.
Палітоляг з Баку, былы амбасадар Азэрбайджану ў Расеі Хікмет Гаджызадэ канстатуе, што ніхто не адважыўся кінуць выклік дзейнаму кіраўніку краіны. З розных прычынаў: адны апанэнты сядзяць у турмах, іншыя былі вымушаныя ратавацца і зьехаць за мяжу.
«Цяперашнія кандыдаты — гэта ўсё людзі, так ці інакш зьвязаныя з рэжымам, — сказаў экспэрт Свабодзе. — Яны проста адпрацоўваюць ролю статыстаў, каб паказаць, што нібыта ў Азэрбайджане ёсьць нейкая палітычная канкурэнцыя. Але ўсё відаць нават па іх выступленьнях у тэледэбатах. Яны цэлымі днямі хваляць свайго канкурэнта Аліева і лаюць „дэструктыўную апазыцыю“, якая адмовілася гуляць у гэтую гульню. Можаце сабе ўявіць такі абсурд? Па сутнасьці, усялякая апазыцыйная дзейнасьць у краіне забаронена, незалежныя выданьні заблякаваныя. Уся незадаволенасьць перайшла ў віртуальны сьвет. Вельмі мала магчымасьцяў для пратэстаў — адразу арышт».
Перад выбарамі ў Азэрбайджане блякавалі СМІ
Камітэт абароны журналістаў са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку канстатаваў, што перад выбарамі 11 красавіка ўлады зачысьцілі ўсе інфармацыйныя пляцоўкі. Зафіксаваныя факты зьняволеньня журналістаў, выкраданьня іх за мяжой, абвінавачваньні ў фінансавых злоўжываньнях, блякаваньне сайтаў, узлом акаўнтаў у сацыяльных сетках і ўвядзеньне забароны на свабоднае перамяшчэньне. З краін былога СССР больш за ўсё журналістаў за кратамі менавіта ў Азэрбайджане.
«Знаёмыя і сваякі баяцца мець кантакты з апазыцыянэрамі, не вітаюцца, пераходзяць на другі бок вуліцы, — працягвае Хікмет Гаджызадэ. — Мэтады застрашваньня выкарыстоўваюцца на ўсю моц, калі сваякоў выклікаюць і загадваюць публічна адмовіцца ад дэмакратычнага актывіста, свайго сваяка. І ўсё гэта дзейнічае! Таму толькі самыя адчайныя людзі засталіся на апазыцыйнай арэне. Гэта можа пацьвердзіць любы незалежны чалавек, які жыве ў Азэрбайджане. Акрамя таго, гэта ўсе адлюстравана ў справаздачах міжнародных праваабарончых арганізацый, якія працуюць на падставе дакумэнтаў і зафіксаваных сьведчаньняў».
Беларускі праваабаронца: аўтарытарная вэртыкаль кантралюе ўсё
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў назіральнікам першай палітычнай кампаніі Ільхама Аліева ў 2003 годзе. Менавіта пасьля гэтага, кажа ён, Азэрбайджан пачаў спаўзаць у багну аўтакратыі.
«На міжнародных форумах сустракаюся з азэрбайджанскімі праваабаронцамі, журналістамі, — згадвае суразмоўца. — На жаль, найбольш актыўныя зь іх выціснутыя з краіны, знаходзяцца пад рэпрэсіўнымі мерамі — у зьняволеньні, з абмежаваньнем на выезд і г.д. Поўны разгром грамадзянскай супольнасьці адбыўся яшчэ перад выбарамі 2013 году. Вынікам — некалькі дзясяткаў палітзьняволеных. А ў апошнія гады ўлады давяршылі справу, зьнішчыўшы незалежныя СМІ: перасьлед галоўных рэдактараў, актыўных журналістаў, блогераў. І цяпер створана жорсткая аўтарытарная вэртыкаль, якая цалкам кантралюе палітычную прастору і інфармацыйнае поле».
Гаворачы пра тое, што сям’я Аліевых фактычна прыватызавала ўладу разам з нацыянальнымі багацьцямі, Бяляцкі адзначыў: яшчэ паглядзім, як будзе ў Беларусі.
Карэспандэнты Свабоды зафіксавалі, як працуюць «выбарчыя каруселі» ў Азэрбайджане, яны зрабілі відэазапіс таго, як дзьве жанчыны галасуюць некалькі разоў на розных выбарчых участках.
Паводле Бяляцкага, падабенства паміж рэжымамі ў Баку і ў Менску ўсё больш.
«Багата ў якіх пунктах мы становімся ўсё больш падобнымі, — кажа праваабаронца. — Гэта і агульная сытуацыя несвабоды, і фальсыфікацыя выбараў, і культ асобы прэзыдэнтаў. А значыць, і лічбы галасаваньня не выклікаюць зьдзіўленьня. Сам пабываўшы на выбарах у Азэрбайджане, пераканаўся: гэтак жа, як і ў Беларусі, камісіі ад пачатку настроеныя на фальсыфікацыю падлікаў. Гэта першае. Другое, адсутнасьць свабоды слова, абмену інфармацыі, вялікі ўзровень страху не спрыяюць супраціву. У тым жа Азэрбайджане ўвесь час ёсьць палітвязьні, грамадзкіх актывістаў зьбіваюць, ціснуць на сваякоў, прымушаюць зьехаць».
Паводле Бяляцкага, гаварыць пра свабодныя выбары ў Азэрбайджане і Беларусі нельга.
Асноўныя прэтэнзіі міжнароднай супольнасьці да Азэрбайджану грунтуюцца на тым, што ўлада і нацыянальныя багацьці краіны практычна ўзурпаваныя сям’ёй Аліевых. У так званым «Панамскім архіве» сьцьвярджаецца, што празь сетку падстаўных кампаній прэзыдэнцкі клан кантралюе радовішчы нафты, золата, медзі і срэбра. Аліеўскія афшоры, паводле незалежных падлікаў, ужо нанесьлі ўрон бюджэту больш чым на 600 мільёнаў даляраў.
Сам Ільхам Аліеў абвяргае ўсе абвінавачаньні і называе гэта мэтанакіраванай кампаніяй на дыскрэдытацыю легітымнай улады. У Баку перакананыя, што «карані змовы» найперш вядуць у «варожую Армэнію».